Лукашэнка: пастаўкі венесуэльскай нафты рэнтабельныя, а расійскай — не

07.12.2010 08:55
Архив Редакция

Калі б ўвоз у рэспубліку нафты з Венесуэлы не быў рэнтабельным, то яе ніхто ў Беларусь не ўвозіў бы. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на IV Усебеларускім народным сходзе. Пры гэтым прэзідэнт адзначыў, што ў краіне хапае "стратнай" нафты, маючы на ўвазе пастаўкі яе з Расіі.

Такую заяву палітык зрабіў у адказ на крытыку заключанага з Венесуэлай кантракту, які прадугледжвае штогадовыя пастаўкі ў Беларусь дзесяці мільёнаў тон нафты. «Вы што думаеце, я сюды б нафту вёз, калі б яна была стратная. Дык у нас стратнай нафты сёння хапае: не трэба нікуды ехаць — Расія залье заўтра нафтай», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.

Ён дадаў, што перапрацоўваць нафту з Расійскай Федэрацыі па прапанаванай цане, вельмі нявыгадна. Да таго ж, па словах прэзідэнта, венесуэльская нафта больш якасная.

«Дзесяць мільёнаў тон на год самай якаснай нафты «Санта Барбара», лёгкай нафты. Гэта 13 млн. тон расійскай нафты Urals. Падкрэсліваю, рэнтабельнай нафты», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: мы заземленыя на зямлі Венесуэлы

Аляксандр Лукашэнка выказаў падзяку прэзідэнту Венесуэлы Уга Чавесу за аказаную дапамогу. «Я яшчэ раз кажу: гэта не ўкол нашаму саюзніку і пастаўшчыку (Расіі — Тэлеграф). Проста нам яе не далі, мы шукалі ў іншым месцы і знайшлі. І мы ўдзячныя венесуэльскаму народу і яго прэзідэнту за тое, што ў найцяжэйшую хвіліну ён, падставіўшы плячо, падтрымаў нас», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Паводле яго слоў, сёння, нягледзячы на цяжкасці ў пачатку года, беларускія НПЗ працуюць са стоадсоткавай загрузкай. «Вось і ўвесь крызіс. Я думаю, што гэта навука ўсім, хто спрабуе з пазіцыі сілы размаўляць з Беларуссю. У свеце ёсць усё і ўсё можна купіць, і па нармальнай цане. Толькі трэба варушыцца. Пад ляжачы камень вада не цячэ», — сказаў прэзідэнт.

Што тычыцца беларуска-венесуэльскага супрацоўніцтва, ён адзначыў, што Венесуэла з’яўляецца не толькі ключавым партнёрам Беларусі ў Лацінскай Амерыцы, але і базай для пашырэння кантактаў з усімі дзяржавамі рэгіёну — Аргентынай, Бразіліяй, Кубай і Нікарагуа.

«Мы заземленыя на зямлі Венесуэлы. Мы гатовыя адтуль супрацоўнічаць з іншымі дзяржавамі. Гэта дарагога варта», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки