Лукашэнка: патрабаванні да ўборкі ўраджаю будуць жорсткімі

19.07.2010 10:06
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы з працоўнай паездкай Гомельскую вобласць, заявіў, што "хлеб сёлета будзе вельмі дарагі". "Таму патрабаванні да ўборкі ўраджаю будуць вельмі жорсткія. Усё трэба арганізавана сабраць і прадаць па прыстойнай цане. У нас ёсць магчымасць захаваць усё, што вырасцілі", — адзначыў беларускі лідар.

«І не толькі таму, што будзе цяжкая ўборка, але таму, што сёння ў свеце не хапае хлеба, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Расія высахла, у Казахстане засуха, Еўропу — затапіла. Ужо сёння паступаюць вялізныя замовы на закупку збожжа. Будзе агормністая цана».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы даручыў з 20 ліпеня пачаць у краіне масавую ўборку збожжавых. Прэзідэнт дадаў, што праз тое, што істотная доля хлябоў на палях палегла, уборка ў гэтым годзе будзе дастаткова цяжкай. «Уключацца трэба ўсім», — запатрабаваў беларускі лідар, перадае БелТА.

«Я веру, надыдуць тыя часы, калі не прыродныя нафта і газ будуць вызначаць жыццё і дабрабыт людзей, а прадукты харчавання», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь не плануе прадаваць хлеб, а разлічвае «прапусціць» фуражнае збожжа праз жывёлу і пастаўляць на экспарт мясныя і малочныя прадукты. «Праз моцную засуху ў Расіі і Казахстане будзе вялікі попыт у гэтых краінах на сельскагаспадарчую прадукцыю», — яшчэ раз адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, беларускі лідар разлічвае на атрыманне сёлета ўраджаю ў 10 млн. тон збожжавых. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо сёння «бачныя 9,5 млн. тон збожжа на палях» і разлічвае на тое, што ў краіне ўдасца сабраць мільён тон кукурузы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сёлета будзе вельмі добры ўраджай ўсіх сельгаскультур без выключэння. «Калі мы зробім гэта, то гэта будзе ўжо перамога», — сказаў прэзідэнт. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы лічыць, што такога валавага збору дастаткова краіне ў сярэднетэрміновай перспектыве, аднак «у наступнай пяцігодцы будзем старацца атрымліваць большы ўраджай».

Масавая ўборка збожжавых пачалася ў Беларусі

Масавая ўборка збожжавых пачалася ў Беларусі, паведамілі ў міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання. У міністэрстве нагадалі, што ўборка лічыцца масавай, калі ў цэлым па краіне скошана 5% уборачнай плошчы. Па дадзеных на сённяшні дзень, 18 ліпеня, збожжавыя і зернебабовыя культуры прыбраныя са 123,3 тыс. гектара, што складае 5,1% плошчы, якая падлягае ўборцы.

Па звестках ведамства, па тэмпах уборкі ў абсалютных лідарах гаспадаркі Гомельскай вобласці. План тут рэалізаваны на 17,5%. На другім месцы — Берасцейская вобласць, дзе заданне выканана на 6,6%. У Магілёўскай вобласці ўбрана 5,4% ад запланаванага плана, Мінскай — 1,8%. Гарадзенскі і Віцебскі рэгіёны толькі прыступаюць да ўборкі збожжавых.

У краіне ўжо намалочана 384,9 тыс. тон збожжа. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых культур складае 31,3 цэнтнеры з гектара.

Как вам новость?
Головоломки