Лукашэнка патрабуе ад РФ дапамогі ў забеспячэнні бяспекі

22.11.2010 15:11
Архив

Беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 лістапада, што Расія павінна дапамагаць Беларусі ў забеспячэнні бяспекі Саюзнай дзяржавы. Пры гэтым, прымаючы даклад па Плане прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Беларусі і Расіі, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з РФ "мы заўсёды былі і будзем разам, якія б катаклізмы не здараліся".

«План прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў будзе зацверджаны на бліжэйшым Вышэйшым Дзяржаўным Савеце (ВДС) Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Мы будзем свята выконваць свае функцыі па абароне нашай агульнай Айчыны, але зможам гэта рабіць толькі пры падтрымцы Расіі», — канстатаваў прэзідэнт Беларусі.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, Расія павінна падтрымліваць Беларусь у сферы ўзбраення. «Гэта не падыход, калі нам часам прапаноўваюць купляць ўзбраенне за свой кошт, ды яшчэ па рынкавай, як яны ўмеюць гаварыць, цане. Натуральна, што тут, на гэтым напрамку Расія зацікаўлена, каб беларуская армія была ў парадку», — адзначыў прэзідэнт. «Таму трэба дапамагаць. Я гэта кажу публічна, і я гэтага не баюся, магу паўтарыць дзе заўгодна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, перадае БелТА.

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што сур’ёзнае рашэнне аб прымяненні РГВ (с) павінна прымацца на ўзроўні ВДС. «Ніякія дакументы ў працоўным парадку я падпісваць не буду. Так і перадайце міністру абароны і прэзідэнту Расіі. Ёсць ВДС, вось ён збярэцца — мы разгледзім гэты план. Я ведаю, што мой расійскі калега разглядаў гэты план, яны пагадзіліся з ім. Цяпер мы яго разгледзім, а на бліжэйшым пасяджэнні ВДС зацвердзім. Гэта будзе правільна. Хаваць нам тут няма чаго, мы адкрытыя для свету. Думаю, Расія таксама не збіраецца нешта хаваць», — сказаў прэзідэнт Беларусі.

Лукашэнка: мы не нахлебнікі, а абараняем Расію

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь уносіць велізарны ўклад у справу міру і бяспекі, забяспечваючы не толькі сваю бяспеку, «але і брацкай Расіі, ды і не толькі Расіі». «І гэта для нас пытанне выгаднае, калі хочаце іміджавае. Яшчэ і таму мы нічога хаваць не збіраемся, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — А так нас лічаць ўвесь час нахлебнікамі. Грамадства павінна ведаць, што мы не нахлебнікі, а выконваем найважнейшую функцыю па абароне, у тым ліку расійскай дзяржавы. Вось у чым праўда».

Паводле слоў прэзідэнта Беларусі, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі з’яўляецца адной з найважнейшых функцый беларускай дзяржавы. «У рамках гэтай дзейнасці мы прымаем эфектыўныя меры па абароне збалансаваных інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы, як і прадугледжвае наша канцэпцыя. І, натуральна, самую сур’ёзную ўвагу мы надавалі і будзем надаваць забеспячэнню суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што ў свеце сёння неспакойна, і сіла застаецца адным з асноўных сродкаў дазволу супярэчнасцяў. «»Таму порах трэба трымаць сухім», — падкрэсліў беларускі лідар.