Лукашэнка патрабуе не ператвараць беларускія вёскі ў гарады

12.05.2011 10:04
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе працоўнай паездкі па Віцебскай вобласці 11 траўня наведаў населены пункт Хімы Аршанскага раёна, у якім засталося толькі дзесяць жыхароў-пенсіянераў. Кіраўніку дзяржавы прапанавалі план па адраджэнні вёскі як аграпрамысловага комплексу з сельскагаспадарчай вытворчасцю. Ухваліўшы ў цэлым прадстаўленыя праекты, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад мясцовага кіраўніцтва "не ператвараць вёску ў горад".

«Давайце дамовімся, што горад будаваць тут не будзем. Навошта гэта нам тут трэба? Гэтую вёску трэба адрадзіць, як Александрыю. Тут трэба адрадзіць вёску, і кропка. Падцягнуць сюды вытворчасці, маладых людзей. Аднак каб не было ніякіх празмернасцяў ў будаўніцтве», — заявіў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пры адраджэнні беларускіх вёсак галоўнае — захаваць іх самабытнасць.

Як паведамілі ў Адміністрацыі прэзідэнта, у Хімах да 2025 года плануецца пабудаваць цэх па разліве мінеральнай і пітной вады (кошт інвестыцыйнага праекту ацэньваецца ў 50 млрд. рублёў) і кандытарскую фабрыку (інвестпраект ацэньваецца ў 40,5 млрд. рублёў).

Таксама плануецца развіваць сацыяльную сферу раёна і інжынерную інфраструктуру: у пасёлку будуць пабудаваны жылыя дамы, крамы, фельчарска-акушэрскі пункт і пункт бытавога абслугоўвання, кавярня, дзіцячы сад. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтыя аб’екты трэба ўзводзіць па меры іх неабходнасці, а таксама катэгарычна забараніў праводзіць будаўніцтва на ворных землях.

У вёсцы таксама плануецца пабудаваць каля дзесяці аграэкасядзібаў, але займацца развіццём гэтага напрамку, па словах прэзідэнта, трэба толькі па ініцыятыве прыватніка, не закранаючы бюджэтныя сродкі.

Как вам новость?