Лукашэнка патрабуе павялічыць экспарт сельгаспрадукцыі ў разы

15.04.2010 09:08
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі заявіў падчас працоўнай паездкі ў Брэсцкую вобласць, што беларуская сельская гаспадарка "пачынае паволі выкарасквацца" пасля крызіснага спаду. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў павялічыць экспарт сельгаспрадукцыі за бліжэйшыя пяць гадоў у 2,5 разы, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

«Сёлета ў нас будзе экспарт сяльгаспрадукцыі пад тры мільярды даляраў. І гэта толькі пачатак. Неўзабаве мы павінны выйсці на шэсць-сем мільярдаў, а потым і на дзесяць мільярдаў даляраў — гэта для нас цалкам дасягальна. І тады нам не трэба будзе енчыць пра нафту і газ», — падкрэсліў беларускі лідар.

Па меркаванні прэзідэнта Беларусі, для павелічэння экспарту сяльгаспрадукцыі на сусветным рынку сёння складваецца спрыяльная сітуацыя. У сувязі з гэтым, лічыць Аляксандр Лукашэнка, у 2010 годзе станоўчае сальда гандлю прадукцыяй АПК павінна скласці не меней за мільярд даляраў.

«Кажучы пра планы на будучую пяцігодку, кіраўнік дзяржавы сказаў, што ўсе прыярытэтныя задачы для сельскагаспадарчай галіны на гэты перыяд ужо дэталёва прадуманыя і вызначаныя», — адзначылі ў прэс-службе беларускага лідара.

«Гэта апошні год, калі я асабіста кантралюю ўсе дэталі. А ў бліжэйшыя пяць гадоў трэба проста выконваць тое, што вызначана. Кожны гектар у нас улічаны, мы ведаем, што рабіць, якія прадпрыемствы ствараць, як дыверсіфікаваць экспарт», — заявіў прэзідэнт Беларусі.

«Без дысцыпліны і адказнасці тут немагчыма. Калі хтосьці з кіраўнікоў стаміўся — хай шукае іншую працу», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки