Лукашэнка: пенсійны ўзрост у Беларусі павялічвацца не будзе

14.09.2010 10:16
Архив Редакция

У Беларусі пенсійны ўзрост павялічвацца не будзе. Пра гэта 13 верасня заявіў прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынём Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Леанідам Козікам. «Гаворкі пра гэта не ідзе», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка і Леанід Козік абмеркавалі шэраг пытанняў, датычных умоваў працы і адпачынку насельніцтва.

Так, кіраўнік дзяржавы і старшыня ФПБ разгледзелі функцыянаванне кантрактнай сістэмы найму ў краіне. Па словах Леаніда Козіка, спекуляцыі на дадзеную тэму спыніліся з прыняццем рашэння аб магчымасці пераходу працаўнікоў з працоўнага кантракту на доўгатэрміновую або бестэрміновую працоўную дамову, паколькі цяпер можна выбраць найбольш прымальныя для сябе ўмовы найму на працу. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў ФПБ сумесна з урадам распрацаваць інструкцыі і нарматыўна-прававыя акты, неабходныя для ўдасканалення дадзеных працэдураў, а таксама працягнуць маніторынг дадзенай тэматыкі ў працоўных калектывах, перадае прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі паведаміў, што ў Беларусі засталося некалькі дзясяткаў прадпрыемстваў, на якіх людзі працуюць няпоўны працоўны дзень і тыдзень. Пры гэтым, па яго словах, становішча кардынальна палепшылася ў параўнанні з 2009 годам. Ён таксама заўважыў, што ФПБ зрабіла многае для развіцця ў краіне сістэмы дзіцячага аздараўлення і, у прыватнасці, стану дзіцячых аздараўленчых устаноў.

Акрамя таго, Леанід Козік паведаміў аб гатоўнасці да шостага з’езду Федэрацыі прафсаюзаў, які намечаны на 15-16 верасня. Па словах кіраўніка ФПБ, амаль палова дэлегатаў з’яўляюцца працаўнікамі вёскі. Аляксандр Лукашэнка на гэта заявіў, што пры разглядзе актуальных для грамадства тэм павінны ўдзельнічаць прадстаўнікі ўсіх слаёў насельніцтва. Леанід Козік перадаў таксама прэзідэнту, які з’яўляецца дэлегатам з’езду, запрашэнне і матэрыялы па мерапрыемстве.

Как вам новость?
Головоломки