Лукашэнку пераабралі на чацверты тэрмін

20.12.2010 09:29
Архив Редакция

Рана раніцай 20 снежня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына падвяла папярэднія вынікі галасавання на выбарах прэзідэнта. Паводле дадзеных ЦВК, перамогу на выбарах атрымаў Аляксандр Лукашэнка — за пераабранне дзейнага прэзідэнта на чацверты тэрмін прагаласавалі больш за 5,1 млн. выбаршчыкаў (79,67%).

Лідзія Ярмошына таксама паведаміла, што электаральная падтрымка Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым годзе крыху ніжэй, чым на папярэдніх выбарах. У 2006 годзе за пераабранне прэзідэнта на трэці тэрмін прагаласавала 83% выбаршчыкаў.

Бліжэйшым супернікам Аляксандра Лукашэнкі на выбарах, паводле інфармацыі ЦВК, быў Андрэй Саннікаў. За яго свае галасы аддалі 164 тыс. выбаршчыкаў (2,56%). Па 1,97% галасоў выбаршчыкаў набралі Яраслаў Раманчук (за яго прагаласавала 126,9 тыс. чалавек) і Рыгор Кастусёў (126,6 тыс. чалавек).

За Уладзіміра Някляева, па інфармацыі ЦВК, свае галасы аддалі 113,7 тыс. выбаршчыкаў (1,77%), за Аляксея Міхалевіча — 65,5 тыс. чалавек (1,2%), за Віталя Рымашэўскага 70,4 тыс. чалавек (1,1%), за Віктара Цярэшчанку — 69 тыс. чалавек (1,08%), за Мікалая Статкевіча — 67 тыс. чалавек (1,04%). Менш за ўсё галасоў (0,48%) набраў Дзмітры Ус — за яго прагаласавалі 31 тыс. беларусаў. Супраць усіх кандыдатаў прагаласавалі 6,47% выбаршчыкаў.

Яўка выбаршчыкаў на ўчасткі для галасавання на цяперашніх выбарах склала 90,66% супраць 92,7% на выбарах 2006 года.

Как вам новость?