Лукашэнка пералічыў пацярпелым ад тэракту два месячныя заробкі

14.04.2011 12:29
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перадаў на дабрачынны рахунак у дапамогу ахвярам тэракту на станцыі метро "Кастрычніцкая" два свае месячныя заробкі. Пра гэта паведамілі ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.

Акрамя таго, Мінгарвыканкам унёс прапанову ў Адміністрацыю прэзідэнта накіраваць частку грашовых сродкаў, заробленых падчас рэспубліканскага суботніка, які запланаваны на 16 красавіка, на аказанне дапамогі пацярпелым і аднаўленне станцыі метро «Кастрычніцкая».

Па дадзеных агенцтва РБК, прэзідэнт Беларусі атрымлівае каля 300 даляраў на месяц. Між тым, паводле дэкларацыі аб даходах, прадстаўленай Аляксандрам Лукашэнкам падчас перадвыбарчай кампаніі, яго гадавы даход складаў больш за 90 млн. рублёў. Адпаведна, у месяц кіраўнік дзяржавы атрымліваў каля 2,5 тыс. даляраў.

Як раней перадаваў Тэлеграф, Мінгарвыканкам спецыяльна для дапамогі пацярпелым ад тэракту ў мінскім метро адкрыў некалькі дабрачынных рахункаў у аддзяленні № 539 ААТ «Белінвестбанк». Акрамя таго, гарадскія ўлады вызначылі памер матэрыяльнай дапамогі сем’ям загінулых і пацярпелым пры выбуху на станцыі метро.

Как вам новость?
Головоломки