Лукашэнка: пытанне дэвальвацыі падымаюць шарлатаны

12.11.2010 16:45
Архив Редакция

Дэвальвацыі ў Беларусі ў найбліжэйшы час не будзе. Аб гэтым заявіў прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з жыхарамі Барысава. "Хто падняў гэтае пытанне? Яго паднялі "шарлатаны", для якіх, чым горш краіне, тым лепш для іх. Ні пра якую дэвальвацыю гаворкі не можа быць. Мы калідор гэты вам аб'явім", — сказаў прэзідэнт.

«Але хачу вас папярэдзіць. Вы бачыце, што адбываецца з далярам. Сёння скончылася пасяджэнне «Вялікай дваццаткі», дзе асноўныя спрэчкі выклікала пытанне аб валютных войнах. Амерыканцы вырашылі падтрымаць сваю эканоміку і ўкідаюць ў яе 600 млрд. даляраў як мінімум. У такіх выпадках звычайна адбываецца дэвальвацыя валюты. Таму будзьце асцярожныя з гэтым далярам. Я вас папярэдзіў «, — адзначыў кіраўнік дзяржавы, перадае БелТА.

Паводле яго слоў, дзяржава нічога не страчвае ад таго, што некаторыя грамадзяне пачалі актыўна скупляць валюту, паколькі яны ўсё роўна нясуць набытую валюту ў банкі. Ён таксама дадаў, што стабільнасць нацыянальнай валюты пацвярджаецца і ростам аб’ёму золатавалютных рэзерваў. «Мы адкрыем засекі і пакажам золата назапашанае», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама паведаміў, беларуская эканоміка менш за ўсё пацярпела ад сусветнага эканамічнага крызісу, таму хутчэй зможа выйсці з яго.

Багданкевіч: дэвальвацыя ўжо пачалася

У той жа час былы кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што дэвальвацыя ўжо пачалася. «У краіне ідзе павольная дэвальвацыя нацыянальнай валюты, абумоўленая фактам дэфіцыту замежнагандлёвага балансу, які ўжо складае амаль 6 млрд. даляраў», — заявіў экс-старшыня галоўнага банка Беларусі.

На яго думку, не варта чакаць абвальнай дэвальвацыі, як гэта было 2 студзеня 2009 года, бо сёння ёсць магчымасць паступовага працэсу, хоць і «тады не было такой неабходнасці», перадае сайт АДС.

«Зараз ёсць 5-6 млрд. ў рэзерве, ёсць магчымасць правесці прыватызацыю буйных беларускіх прадпрыемстваў. Думаю на працягу паўгода абвалу не будзе. Хаця, усё залежыць ад улады, якую лінію паводзінаў яна абярэ», — адзначыў Станіслаў Багданкевіч.

Как вам новость?