Лукашэнка плануе за два гады павялічыць імпарт нафты з Венесуэлы

30.08.2010 17:02
Архив Редакция

Пастаўкі венесуэльскай нафты ў Беларусь у 2012 годзе плануецца павялічыць да 10 мільёнаў тон. Пра гэта 30 жніўня паведаміў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Мазырскі НПЗ. Па словах кіраўніка дзяржавы, у будучым годзе ў Беларусь плануецца паставіць восем-дзевяць мільёнаў тон венесуэльскай нафты.

Як запэўніў беларускага лідара старшыня канцэрну «Белнафтахім» Валеры Казакевіч, беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў стане перапрацаваць такі аб’ём сыравіны. І Мазырскі НПЗ, і Наваполацкі «Нафтан» штомесяц могуць перапрацоўваць 240 тыс. тон нафты, а на год — каля чатырох мільёнаў тон, перадае БелТА.

У той жа час, як распавёў дырэктар Мазырскага НПЗ Анатоль Купрыянаў, на прадпрыемстве вядзецца рэканструкцыя і мадэрнізацыя, якія дазволяць павялічыць перапрацоўку нафты штогод да пяці мільёнаў тон і больш. «Значыць, мы можам дадаваць пастаўкі нафты, у прыватнасці, з Венесуэлы. Беларускія НПЗ ў стане перапрацаваць такія аб’ёмы», — падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў Валеры Казакевіч, Мазырскі НПЗ да канца года выйдзе на аб’ёмы мінулага года разам з перапрацоўкай другасных рэсурсаў, а ў далейшым ёсць магчымасць павелічэння. «Гэта значыць катастрофы не адбылося ні з фінансавага, ні з вытворчага пункту гледжання. А будучы год праглядаецца лепш», — сказаў прэзідэнт Беларусі.

У цяперашні час магутнасці па аб’ёме перапрацоўкі нафты з улікам працы другасных працэсаў складаюць каля 11 млн. тон на год. Цяпер на прадпрыемстве актыўна ідзе мадэрнізацыя. Для завяршэння яе другога этапу неабходна ўкладанне яшчэ 88,8 млн. даляраў.

Як запэўнілі кіраўніка дзяржавы, з уводам новых установак ў 2012 годзе ёсць магчымасць выйсці на перапрацоўку 12 млн. тон нафты на год. Акрамя таго, на прадпрыемстве да 2015 года плануецца пабудаваць некалькі установак перагонкі мазуту, якія дазваляюць атрымліваць высакаякасны бензін. Сыравіна для іх ідзе з Казахстана. У адпаведнасці з праектам праграмы развіцця Мазырскага НПЗ на 2011-2015 гады плануецца павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты да 92% і забяспечыць, такім чынам, якасць прадукцыі, адпаведную патрабаванням краінаў Еўрапейскага саюза.

Как вам новость?