Лукашэнка прадаў "Луч" за 12,46 млн. даляраў

04.03.2010 11:50
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі падпісаў першага сакавіка загад №109 "Пра прыцягненне інвестыцый у адкрытае акцыянернае таварыства "Мінскі гадзіннікавы завод", які выпускае гадзіннікі пад маркай «Луч». Паводле дакумента, швейцарская кампанія Franck Muller атрымае кантрольны пакет МГЗ (52%) за кошт выкупу дадатковага выпуску каля 1,21 млрд. акцый на суму 12,46 млн. даляраў.

“Franck Muller таксама выступіць фундатарам МГЗ і атрымае поўны кантроль над беларускім прадпрыемствам пры ўмове, што кампанія захавае вытворчасць гадзіннікаў у Беларусі, выкарыстанне таварных знакаў і знакаў абслугоўвання «Луч», а саму вытворчасць вынесе за межы Мінска. Дзяржава, у сваю чаргу, не выходзіць з удзелу ў дадзеным прадпрыемстве”, — гаворыцца ў загадзе.

 

Загад Аляксандра Лукашэнка таксама прадугледжвае, што адначасова з гэтым швейцарская кампанія атрымае ў “давернае кіраванне тэрмінам на пяць гадоў прыналежныя дзяржаве каля 1,12 млрд. акцый МГЗ (коштам 11,49 млн. даляраў ЗША)”. ”Franck Muller атрымлівае таксама магчымасць у растэрміноўку да 2020 года выкупіць прыналежныя дзяржаве 655,42 млн. акцый па намінальным кошце 30 рублёў (6,71 млн. даляраў), павялічыўшы сваю долю ў прадпрыемстве да 80%”, — сказана ў дакуменце.

Паводле загаду кіраўніка дзяржавы, да 2020 года МГЗ “будзе вызвалены ад выплаты падатку на прыбытак, а таксама будзе вызвалены ад выплаты ўвазных мытных пошлін і збораў пры ўвозе на мытную тэрыторыю Беларусі абсталявання, камплетавання і запасных частак да яго, сыравіны, матэрыялаў і камплектавання для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта“. Пра гэта беларускія ўлады апавясцяць партнёраў па Мытным саюзе, адзначаецца ў дакуменце.

Аляксандр Лукашэнка сваім загадам даручыў Мінгарвыканкаму ў 2011 годзе “прыступіць да працэдуры вылучэння Franck Muller без правядзення аўкцыёну ў арэнду зямельнага ўчастку агульнай плошчай 30 гектараў з земляў сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Шчомысліца» ў Мінскім раёне для пераносу вытворчасці з будаўніцтвам неабходнай інфраструктуры”.

Загад кіраўніка дзяржавы прадугледжвае, што ў выпадку “невыканання пералічаных абавязкаў швейцарскай кампаніі прыйдзецца ў якасці штрафных санкцый заплаціць у 2020 годзе ў бюджэт розніцу паміж рынкавым коштам акцый таварыства, набытых кампаніяй у дзяржавы, і намінальным коштам”.
 

Как вам новость?