Лукашэнка просіць моладзь не паддавацца на правакацыі

29.06.2011 09:52
Архив Редакция

Выразная прыкмета дарослай асобы — гэта цвёрдыя перакананні і маральныя прынцыпы. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 чэрвеня на Рэспубліканскім балі выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў. "Таму папрасіў бы вас як дарослых, паспяховых людзей не паддавацца ні на якія правакацыі і авантуры — а спакусаў у жыцці будзе дастаткова, — быць сапраўднымі патрыётамі, сумленнымі і адказнымі грамадзянамі сваёй краіны", — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер у маладых людзей перыяд жыццёвага выбару, калі можна і трэба ставіць перад сабой высокія мэты. «Лепш з першых крокаў будаваць свой лёс так, каб потым ніколі не пашкадаваць ні аб адным бязмэтна пражытым дні. А калі вы спытаеце, што неабходна чалавеку, каб дамагчыся поспеху, я б адказаў: для гэтага абавязкова трэба мець мару, якая акрыляе», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, распавялі ў Адміністрацыі прэзідэнта.

«У кожнага з нас свае жаданні, — сказаў прэзідэнт. — Але, думаю, усіх нас аб’ядноўвае адна вялікая агульная мара — зрабіць нашу краіну ўтульным, квітнеючым домам для кожнай сям’і. Галоўныя мэты і шырокія гарызонты, да якіх трэба імкнуцца, яшчэ наперадзе. Бо сучаснай Беларусі крыху больш за 20 гадоў — гэта ўзрост росквіту, кіпучых сіл і надзей».

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што быць незалежным, ісці па жыцці сваёй дарогай няпроста ні чалавеку, ні дзяржаве. Паводле слоў прэзідэнта, бывае ўсё — і ўзлёты, і падзенні. «І гэта нармальны працэс росту. Цяжкасці ламаюць слабых, але гартуюць моцных. Мы моцныя і таму пераадолеем іх, калі пакажам упартасць і будзем жыць сваім розумам», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да выпускнікоў, прэзідэнт таксама сказаў: «Менавіта цяпер наша краіна мае патрэбу ў такіх людзях, як вы, — разумных, энергічных, мэтанакіраваных. Вам па плячы любыя вышыні, бо вы атрымалі выдатную адукацыю на роднай зямлі».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускія дыпломы каціруюцца ва ўсім свеце, папулярнасць беларускіх ВНУ за мяжой расце з году ў год. «З самавітым багажом набытых ведаў вы можаце рэалізаваць сябе ў розных сферах эканомікі, займацца навукай, творчасцю, адкрыць уласную справу. У Беларусі для гэтага магчымасці ёсць», — запэўніў выпускнікоў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў прэзідэнта, з атрыманнем дыплома станаўленне спецыяліста толькі пачынаецца. «Пастаянна працуйце над сабой — гэта галоўнае ў жыцці, выяўляйце ініцыятыву, прапануйце арыгінальныя ідэі і не лянуецеся ўвасабляць іх у жыццё. Бо ўсе найвялікшыя дасягненні чалавецтва — плён нечага таленту і ўпартай працы», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кіраўнікам ВНУ і выкладчыкам за падрыхтоўку маладых спецыялістаў, у выхаванне якіх «укладзена нямала таленту і педагагічнага майстэрства». А выпускнікам пажадаў такіх дасягненняў, якімі змогуць «ганарыцца не толькі іх сем’і, але і ўся краіна».

Кіраўнік дзяржавы ўручыў падзякі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 10 выпускнікам ВНУ за выдатныя поспехі ў вучобе, прыкладныя паводзіны і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.

Как вам новость?
Головоломки