Лукашэнка просіць не перабольшваць дзеянні СМІ Расіі супраць Беларусі

20.10.2010 16:38
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка просіць не гіпербалізаваць цяперашнюю інфармацыйную кампанію Расійскіх СМІ супраць Беларусі. Пра гэта беларускі лідар заявіў 20 кастрычніка па завяршэнні сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце. "Не гіпербалізуйце цяперашнюю сварку ці нават накат ў сродках масавай інфармацыі Расіі на Беларусь", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама нагадаў нядаўнія словы прэм’ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна аб тым, што «і ў сям’і бывае, што сварацца». «Выбудуем мы адносіны з Расіяй. Але яна павінна разумець, як і любая іншая краіна, што Беларусь — суверэнная і незалежная дзяржава і гэтай дзяржаве быць. А калі гэта дзяржава — з ёй трэба выбудоўваць стасункі, як гэта прынята ў міжнародных адносінах, на прынцыпах разумных», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь ніяк не ўцягнутая ў гэтую сварку. «Сварка інфармацыйная — тая, што ў нас ідзе тут, асобныя кіраўнікі ў Расіі пачынаюць, у тым ліку наверсе, ацэнкі даваць — гэта іх праблемы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым беларускі лідар дадаў, што «нас гэта не вельмі турбуе». «Перш за ўсё, нас турбуе жыццё людзей, якое залежыць ад гандлёва-эканамічных адносін, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Нягледзячы на ўсе праблемы, якія існуюць з Расіяй, у прыватнасці іх абарона свайго рынку, Беларусь і Расія дэманструюць добрую дынаміку таваразвароту. Цяпер яго прырост складае каля 50%. З пункту гледжання эканомікі ў дзвюх краін няма рознагалоссяў», — адзначыў прэзідэнт Беларусі.

«Гэтая спрэчка драбнаватая наклала свой адбітак на некаторыя праекты. Але не Расія, дык хтосьці іншы. Значыць, Літва будзе інвеставаць у тыя праекты, у якія павінна была інвеставаць Расія», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар таксама падкрэсліў, што «Беларусь вельмі важная для Расіі, як і Расія для Беларусі». «Зыходзячы з гэтых прагматычных падыходаў мы павінны выбудоўваць нармальныя адносіны. Мы іх выбудуем. Усё пройдзе», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки