Лукашэнка раскрытыкаваў працу Сідорскага

30.08.2010 15:13
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў працу дзяржорганаў па выкананні найважнейшых параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця. Беларускі лідар таксама заклікаў кіраўніка ўрада Сяргея Сідорскага не станавіцца палітыкам, а займацца вырашэннем эканамічных пытанняў. "Вы голы эканаміст, а не палітык. Палітык тут я", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, прысвечанай вынікам працы эканомікі ў першым паўгоддзі, Сяргей Сідорскі прапанаваў даць шасці прадпрыемствам аўтамабільнай галіны (МАЗ, БелАЗ, Белкард, БАТЭ, МТЗ і завод Аўтагідраўзмацняльнікаў) чарговую адтэрміноўку ў пагашэнні крэдытаў, перадае «Народная воля».

«Урад выступае з ініцыятывай падтрымаць, з улікам таго, што ў апошнія месяцы гэтыя прадпрыемствы пачалі прадаваць больш тэхнікі, чым вырабляюць…», — сказаў прэм’ер-міністр.

«Ну, дык няхай вяртаюць крэдыты, калі пачалі прадаваць. Гэта, па-першае. А па-другое, я вам яшчэ раз хачу паўтарыць: «Грошы ўзяў — вярні своечасова і няма чаго да мяне звяртацца», — адказаў прэзідэнт.

Сяргей Сідорскі, у сваю чаргу, адзначыў, што за кожным заводам стаяць людзі.
 
«Я палітык, я павінен думаць пра людзей, а вы павінны думаць аб эканоміцы і фінансах. У вас людзей няма. Забудзьцеся! У эканоміцы людзі не стаяць за грашыма і за трактарамі. Вы голы эканаміст. Вы павінны прыходзіць з міністрам фінансаў да мяне і змагацца за кожны рубель, за кожную капейку. І гэта я павінен казаць, што там за імі стаяць людзі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
 
Прэзідэнт Беларусі дадаў: «У мяне такое ўражанне, што ўрад, які сёння уносіць прапановы, не думае працаваць з 1 студзеня».

Як раней паведамляў Тэлеграф, Аляксандр Лукашэнка застаўся незадаволены працай урада і Нацыянальнага банка Беларусі па выкананні найважнейшых параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

«У студзені-ліпені 2010 года практычна правалена выкананне найважнейшых параметраў па асноўных мэтавых паказчыках прагнозу, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Не дасягнута намечанае ні па прамысловай вытворчасці, ні па выпуску сельскагаспадарчай прадукцыі, ні па інвестыцыях у асноўны капітал, ні па іншых найважнейшых паказчыках».

Как вам новость?
Головоломки