Лукашэнка разаслаў "газавы" ліст найбуйнейшым расійскім бізнэсоўцам

02.07.2010 10:05
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адправіў ліст з выкладам сваёй пазіцыі па газе не толькі дзяржсакратару Саюзнай дзяржавы Паўлу Барадзіну і галоўнаму рэдактару друкаванага органа Кампартыі Расіі газеты "Праўда". Яго таксама атрымалі дэпутаты Дзярждумы РФ і найбуйнейшыя прадстаўнікі расійскага бізнэсу.

Лісты аналагічныя першым двум па змесце атрымалі першага ліпеня 80 расйскіх бізнэсоўцаў, паведамляе Lenta.ru.

Як раней паведамляў Тэлеграф, у сваім лісце беларускі лідар заявіў, што нядаўні газавы канфлікт не з’яўляецца выключна спрэчкай гаспадарчых суб’ектаў і мае палітычную падаплёку.

Па словах кіраўніка беларускай дзяржавы, газавая спрэчка узнікла не апошнім часам, а з’яўляецца «толькі часткай той неміралюбнай палітыкі, якая на працягу апошніх гадоў планамерна праводзіцца ў дачыненні да Беларусі».

«Дастаткова ўзгадаць нядаўнія «малочныя», «мясныя», «цукровыя», «нафтавыя» і іншыя войны. Я ужо не кажу пра тую мэтанакіраваную лінію, якая праводзіцца большасцю расійскіх СМІ і набыла характар сапраўднай інфармацыйнай агрэсіі», — канстатаваў прэзідэнт Беларусі.

«Мэта відавочная: «пастроіць» кіраўніцтва Беларусі, прымусіць пайсці на саступкі ў шкоду нацыянальным інтарэсам суверэннай дзяржавы, займець ласыя кавалкі беларускай уласнасці», — заявіў беларускі лідар.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, вынікам існай расійскай недружалюбнай палітыкі стала рэзкае зніжэнне ў Беларусі ліку прыхільнікаў далейшай інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй.

Разам з тым, кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што палітыкі змогуць зрабіць усё, каб не дапусціць надлому братэрскіх і разрыву саюзных сувязяў.

Как вам новость?