Лукашэнка рыхтуе Беларусь да абнаўлення і новага развіцця

16.09.2010 14:14
Архив Редакция

Наступная пяцігодка павінна стаць перыядам абнаўлення, нацэленым на якасна новае развіццё краіны. Такое меркаванне выказаў у чацвер, 16 верасня, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на шостым з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на чацвертым Усебеларускім народным сходзе трэба будзе зацвердзіць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011-2015 гады, перадае БелТА.

«Ужо стала палітычнай традыцыяй, што гэты глабальны дакумент, які прадвызначае далейшыя перспектывы дзяржавы, прымаецца не ў нечыіх кабінетах, няхай нават самых высокіх, а непасрэдна народам у асобе прадстаўнікоў, якім людзі давераць такія паўнамоцтвы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама дадаў, што зусім хутка праект праграмы будзе прадстаўлены на ўсеагульнае абмеркаванне і кожны грамадзянін краіны зможа прыняць удзел у вызначэнні стратэгіі развіцця Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што якім бы маштабным не быў дакумент, ісці ён павінен ад жыцця.

«Думаю, гэта і ёсць нагляднае пацверджанне праявы ўлады народа. Не якая-небудзь дэмагогія, а такія вось канкрэтныя прыклады, якія даюць магчымасць любому грамадзяніну ажыццяўляць кіраванне дзяржавай», — лічыць прэзідэнт.

Беларускі лідар не стаў дэталізаваць змест праграмы, аднак заўважыў, што яна вельмі напружаная і дынамічная. «Інакш і не можа быць, калі мы паставілі за мэту стварыць абноўленае аблічча Беларусі», — перакананы кіраўнік дзяржавы.

Как вам новость?
Головоломки