Лукашэнка і Саакашвілі сустрэліся ў Крыме

14.07.2010 09:44
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ва Украіну сустрэўся таксама са сваім грузінскім калегам Міхаілам Саакашвілі. Прэзідэнты абмеркавалі шэраг палітычных і эканамічных пытанняў у адносінах паміж краінамі. Кіраўнікі дзяржаваў з задавальненнем адзначылі, што «грамадзянскія групы Грузіі і Беларусі, моладзь і бізнэсоўцы паглыбляюць дыялог».

Аляксандр Лукашэнка і Міхаіл Саакашвілі выказалі надзею, што ў 2010 годзе ў Грузію прыедзе шмат беларускіх турыстаў. Акрамя таго, бакі чакаюць пашырэння супрацоўніцтва ў галіне культуры, паведамляе «Грузія Online».

Грузінскія эксперты: у Беларусі і Грузіі ёсць агульныя інтарэсы

«У Грузіі і Беларусі ёсць агульныя інтарэсы ў сферы палітыкі і эканомікі, узаемаадносінаў з Расіяй», — заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу «Імеды» грузінскі эксперт Гіоргій Нодыя. На яго думку, «адносіны паміж Расіяй і Беларуссю пагоршыліся і працягваюць пагаршацца, і жнівеньская вайна (2008 года — Тэлеграф) дала гэтаму пэўны штуршок, таму што Лукашэнка ўбачыў у Расіі небяспеку».

Па словах іншага грузінскага аналітыка Андро Барнова, Беларусь дае зразумець, што мае намер інтэгравацца з Еўропай. «Ідэнтычнасць незалежных дзяржаў узмацняецца на постсавецкай прасторы, і гэта турбуе Расію. Гэта менавіта тое, чаго не пераносіць Расія, і гэтым выкліканыя нашы праблемы, праблемы Украіны, Малдовы. І гэтага не вынес сам Лукашэнка, такі блізкі лідар, які жадае незалежнасці сваёй краіны, але і сяброўства з Расіяй», — адзначыў Андро Барноў.

Как вам новость?