Лукашэнка шукае дадатковы рэзервы для сельскай гаспадаркі

22.03.2011 13:57
Архив Редакция

Беларусі неабходна вызначыць дадатковыя рэзервы, якія трэба задзейнічаць для паляпшэння эканамічнага стану сельгаспрадпрыемстваў краіны. Пра гэта 22 сакавіка заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час даклада ўрада аб выніках развіцця вёскі ў 2005-2010 гадах і задачах па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы развіцця сельскіх тэрыторый на 2011-2015 гады.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, трэба будзе разгледзець стратэгічна важныя пытанні развіцця аграпрамысловага комплексу краіны. У прыватнасці, урад прадставіў на зацвярджэнне новую дзяржаўную праграму развіцця сельскіх тэрыторый на 2011-2015 гады, перадае БелТА.

«Гэта чацвертая па ліку аграрная праграма, — адзначыў прэзідэнт Беларусі. — Ёй папярэднічалі тры, выкананне якіх дазволіла нам не толькі пераадолець сур’ёзнае падзенне галіны ў постперабудоўныя гады, але і дамагчыся яе дынамічнага росту. Дзякуючы гэтаму мы забяспечылі харчовую бяспеку Беларусі, тым самым стварылі трывалую аснову для сацыяльна-палітычнай стабільнасці нашага грамадства».

Лукашэнка: сельгаспрадукцыя — стратэгічны рэсурс на сусветным рынку

Акрамя таго, па словах кіраўніка дзяржавы, сучасная сітуацыя з харчаваннем у свеце паказвае, што значнасць паспяховага развіцця АПК нязменна ўзрастае. «Сельгаспрадукцыя усё больш становіцца стратэгічным рэсурсам на сусветным рынку. І на адрозненне ад прыродных выкапняў мы гэты рэсурс можам сур’ёзна павялічыць, здабываючы велізарную карысць для краіны і народа, нарошчваючы экспарт харчавання», — лічыць кіраўнік дзяржавы.
 
Паводле слоў прэзідэнта, калі ў мінулым «неспрыяльным годзе ад замежных паставак нашага аграрнага сектара атрымана 3,3 млрд. даляраў, то да 2015 года неабходна выйсці на рубеж больш за сем мільярдаў даляраў». «Дасягненню гэтага будуць спрыяць рост сусветнага попыту на прадукты харчавання і нашы магчымасці для больш эфектыўнага развіцця сельскай гаспадаркі. Пры гэтым цэны на прадукты харчавання ў свеце маюць тэндэнцыю да росту», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што гэтую задачу павінна ў поўнай меры вырашыць новая аграрная праграма.
 
«Пры абмеркаванні новай праграмы ад удзельнікаў нарады хацелася б пачуць ацэнку таго, наколькі яна нацэлена на інтэнсіфікацыю АПК, забеспячэнне канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі, скарачэнне выдаткаў, рост прадуктыйнасці працы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся тым, як улічваецца рэгіянальная спецыялізацыя вытворчасці і здавальненне попыту ўсяго насельніцтва на шырокі асартымент прадуктаў харчавання, уключаючы грэчку, гародніну, садавіну і іншыя прадукты харчавання. Акрамя таго, Прэзідэнт акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў мерапрыемства на пытанні, наколькі стабільным будзе фінансавае забеспячэнне новай праграмы.

Лукашэнка: ніякіх рэляцый, ніякай палітыкі, ніякіх асабістых інтарэсаў

Найважнейшым пытаннем застаецца і фармаванне кадравага корпусу, здольнага вырашаць аграрныя праблемы на ўзроўні сучасных патрабаванняў, як зацікавіць яго ў павышэнні эканамічных вынікаў вытворчай дзейнасці, сказаў прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў таксама, што важна пазначыць перспектывы развіцця сацыяльнай сферы вёскі, далейшыя планы па ўладкаванні аграгарадкоў і вёсак. «Ніякіх рэляцый, ніякай палітыкі, ніякіх асабістых інтарэсаў — толькі ацэнкі: што зроблена, што не зроблена, і як будзем дзейнічаць у гэтым напрамку», — заявіў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.

Дзяржпраграма на 2011-2015 гады распрацавана ў мэтах стварэння ўмоваў для прыярытэтнага сацыяльна-эканамічнага развіцця сельскіх тэрыторый, павышэння эфектыўнасці аграпрамысловага комплексу. Яна з’яўляецца комплекснай і ўключае ў сябе 18 праграмаў рознага ўзроўню. У адпаведнасці з ёй у 2015 годзе ў сельскай гаспадарцы прыбытак ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, прац і паслуг павінен ўзрасці больш чым у дзевяць разоў да ўзроўню 2010 года і скласці больш за 3,5 трлн. рублёў. Планаваная рэнтабельнасць продажаў — 10-11%. У цэлым тэмп росту вытворчасці прадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый у 2011-2015 гадах плануецца ў аб’ёме 139-145%.

Как вам новость?
Головоломки