Лукашэнка ўскладае вялікія надзеі на Царкву

14.04.2011 17:12
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з членамі Сінода Беларускай праваслаўнай царквы. Паводле яго слоў, праваслаўе адыграла выдатную ролю ў лёсе беларускага народа, фармаванні дзяржаўнасці і развіцці культуры. "Таму сёння мы ўскладаем на Царкву вялікія надзеі ў справе патрыятычнага выхавання моладзі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Для мяне зносіны з вамі — духоўнымі лідарамі найбуйнейшай канфесіі краіны — важныя, перш за ўсё, як эфектыўная форма прамога дыялогу дзяржавы і Царквы, пошуку новых кропак судотыку і відаў супрацоўніцтва ў вырашэнні актуальных праблемаў сучаснасці», — адзначыў прэзідэнт, перадае БелТА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што «ўмацаванне сямейных традыцый, барацьба з п’янствам, наркаманіяй, амаральнымі паводзінамі, маральная асвета — гэта таксама сфера клопату Царквы і тое поле, на якім намаганні святароў павінны прынесці добры плён».

Лукашэнка: Царкве трэба перастаць спадзявацца на рэсурсы дзяржавы

Прэзідэнт таксама адзначыў павышэнне сацыяльнай актыўнасці БПЦ. «Адмысловай гутаркі заслугоўвае пытанне аб узмацненні сацыяльнай актыўнасці праваслаўнай царквы. Тут я цалкам салідарны з меркаваннем патрыярха: каб заставацца магутнай і ўплывовай сілай, царква павінна быць адкрытай свету, актыўна працаваць з людзьмі і, у першую чаргу, з моладдзю. Рэалізоўваць сацыяльныя, асветніцкія і культурныя ініцыятывы, залучаючы ў іх не толькі вернікаў, але і самае шырокае кола людзей», — сказаў ён.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «вам трэба перастаць спадзявацца толькі на рэсурсы дзяржавы, быць больш актыўнымі самім, шырэй прыцягваць спонсарскую дапамогу і ахвяраванні».

Сярод прыкладаў станоўчай дзейнасці Царквы прэзідэнт адзначыў стварэнне Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску, дзейнасць Дома міласэрнасці, праекты дапамогі інвалідам ў манастырах, былым зняволеным у праваслаўным рэабілітацыйным цэнтры вёскі Любча Барысаўскага раёна і іншае. На думку кіраўніка дзяржавы, гэты вопыт варты працягу.

Лукашэнка: у Беларусі і Расіі Праваслаўную царкву падтрымліваюць больш за ўсё

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на ролю царквы ў падтрыманні міжэтнічнага і канфесійнага міру, паважлівага стаўлення да духоўнай разнастайнасці народаў Беларусі. «Сёння ваша грамадзянская пазіцыя і пастарскае слова закліканы садзейнічаць умацаванню стабільнасці і спакою ў грамадстве», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што апошнія гады пры дапамозе дзяржавы сталі для Праваслаўнай царквы часам адраджэння і актыўнага развіцця. На яго думку, толькі ў Беларусі і Расіі праваслаўныя арганізацыі маюць такую магутную і сістэмную падтрымку.

Лукашэнка: Царква павінна абараняць дзяржаву

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў «ісці насустрач царкве заўсёды і ва ўсім, вядома, зыходзячы з эканамічных магчымасцяў». Ён адзначыў, што ўзаемадзеянне дзяржавы і царквы трэба ператварыць у карыснае супрацоўніцтва, каб свецкія і духоўныя ўлады сталі паўнавартаснымі партнёрамі. Па яго словах, Беларуская праваслаўная царква павінна жыць інтарэсамі краіны, выкарыстоўваючы пры неабходнасці дзеля іх абароны ўсе свае сувязі і міжнародны аўтарытэт, а яе голас павінен быць больш выразна чутны, калі таго патрабуе сітуацыя.

«Думаю, разам мы знойдзем рашэнне самых складаных пытанняў. І нам, і царкве патрэбна актывізацыя. Мы павінны дзейнічаць аператыўна, хутка, часам, на апярэджанне падзей, не плятучыся ў хвасце падзей. Нам у гэтым напрамку ёсць над чым працаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки