Лукашэнка: «Славянскі базар» зрабіўся часткай вялікай палітыкі

12.07.2010 08:44
Архив Редакция

«Славянскі базар» зрабіўся часткай не толькі культуры, але і вялікай палітыкі, ён стаўся месцам сустрэч дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў розных краін і набыў высокі сусветны рэйтынг і прыхільнікаў на ўсіх кантынентах. Пра гэта дзявятага ліпеня на афіцыйным адкрыцці фестывалю мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

«Мы часам не цэнім найвялікшы здабытак, які ёсць у нас у руках, — супольнасць, якая гістарычна склалася і стала натуральнай. І гэта ў той час, калі Еўропа, іншыя рэгіёны імкнуцца аб’яднацца, пры тым любой цаной — ідучы на ахвяры, у шкоду асобным інтарэсам і нават дзяржавам. Таму што сяброўства значна больш каштоўнае за любы разлік», — перадае прэс-служба кіраўніка дзяржавы ягоныя словы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, не маюць рацыі тыя, «хто славянскае братэрства спісвае ў састарэлыя і нямодныя ідэалы», паколькі «акунуўшыся ў атмасферу фестывалю, выразна разумееш: славянскае адзінства ёсць». «Фестываль, які адкрываецца сёння, стаўся своеасаблівым люстэркам найноўшай гісторыі славянскіх народаў і не толькі іх. Ён нарадзіўся два дзесяцігоддзі таму на глебе пачуцця глыбокай горычы ад навязанай нам раз’яднанасці, але адначасова і вялікай надзеі на тое, што яшчэ не ўсё страчана. Тады і думаць не думалі пра які-небудзь суперпраект з сусветнай славай. Мы проста тады ратавалі самае дарагое, што было ўвабрана намі з малаком маці, — славянскае братэрства», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

На думку прэзідэнта Беларусі, «людзі ўсім сэрцам хочуць жыць у адной сям’і — мірна, дружна і паспяхова». «Усведамленне глыбіні нашых каранёў, непахісных ідэалаў яднання дае сілы працягваць рух наперад, дамагацца таго, каб імкненні нашых народаў перамаглі, нягледзячы ні на якія перашкоды», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: «Славянскі базар» не прыйшлося раскручваць

Як лічыць кіраўнік дзяржавы, велізарны поспех фестывалю прыйшоў сам, што даказвае правасць і прыцягальнасць ідэі згуртавання народаў на аснове агульных гуманістычных каштоўнасцяў. «З маленькага зярнятка, пасеянага з верай і любоўю, вырас грандыёзны форум, прыгожы, шырокі, шчодры і крыху загадкавы, як сама славянская душа», — адзначыў прэзідэнт.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, «Славянскі фестываль — адзін з нямногіх фестываляў, дзе цэняць і берагуць мастацкую індывідуальнасць сапраўднага таленту, а не навязваюць якія-небудзь стандарты і ўмовы. «А гэта, паверце, дарагога каштуе ў сучасным свеце, дзе сапраўдная культура ўсё часцей вымушана адступаць перад атакамі шоў-бізнэсу. Беларусь ганарыцца тым, што творчая кар’ера многіх вядомых выканаўцаў пачалася менавіта на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску. Наш фестываль адрозніваецца сваёй сувяззю са старажытнымі духоўнымі вытокамі, дзе не толькі беларускай, але і еўрапейскай культуры ў цэлым ёсць месца. Не выпадкова для яго правядзення выбраны ліпеньскія дні, у якія нашы продкі адзначалі Купалле і летняе сонцастаянне — святы, што сімвалізуюць трыумф дабра, працвітання і згоды», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, «наш фестываль робіць свой неацэнны ўнёсак у вырашэнне адной з самых вострых праблемаў, якая стаіць перад кожным народам планеты: як не страціць сваё аблічча ва ўмовах глабалізацыі, зберагчы унікальныя скарбы думкі і духу, назапашаныя продкамі». «Нездарма кажуць, што мы цікавыя менавіта сваёй непадобнасцю да іншых. Дык няхай жа і фестываль адлюстроўвае дух народа, будзе такім жа добрым, шчырым і шчодрым!», — заявіў прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнт уручыў прэміі і ўзнагароды дзеячам культуры

Таксама кіраўнік дзяржавы ўручыў прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2009-2010 гады за творы, які робяць вялікі ўнёсак ва ўмацаванне адносінаў братэрства, дружбы і супрацоўніцтва паміж краінамі-ўдзельніцамі Саюзнай дзяржавы наступным дзеячам культуры першаму намесніку галоўнага архітэктара Масквы народнаму архітэктару Расіі Юрыю Грыгор’еву, кіраўніку майстэрняў скульптуры, творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры міністэрства культуры Беларусі, народнаму мастаку Беларусі Льву Гумілеўскаму, скульптару, члену Беларускага саюза мастакоў Сяргею Гумілеўскаму, скульптару Расіі Рыгору Арэхаву, народнаму мастаку Рэспублікі Беларусь Леаніду Шчамялёву, перадае БелТА.

Спецыяльную ўзнагароду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» атрымаў пасмяротна народны артыст Савецкага Саюза Уладзімір Мулявін, а таксама Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры».

За значны асабісты ўнёсак ва ўмацаванне культурных сувязяў паміж Беларуссю і Расіяй ордэнам Францыска Скарыны быў узнагароджаны народны артыст Расіі Юры Антонаў.

Как вам новость?