Лукашэнка сумняецца ў неабходнасці стварэння ў Беларусі фінагенцтва

04.08.2010 09:51
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 жніўня правёў працоўную сустрэчу з вядучымі спецыялістамі па фінансах краіны. Кіраўнік дзяржавы выказаў сумненні ў неабходнасці стварэння ў краіне спецыялізаванага фінансавага агенцтва. Па выніках сустрэчы прэзідэнт даручыў у найбліжэйшы час дапрацаваць неабходныя дакументы.

На сустрэчы з кіраўніком дзяржавы прысутнічалі прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі, старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч, а таксама кіраўнік ААТ «Белаграпрамбанк» Сяргей Румас і кіраўніца ААТ «АСБ Беларусбанк» Надзея Ермакова, паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта.

Галоўным пытаннем беларускага лідара было тое, чаму раней Беларусь магла абыходзіцца без спецыялізаванага фінансавага агенцтва, а сёння паўстала неабходнасць яго стварэння. Акрамя таго, прэзідэнт пацікавіўся ў спецыялістаў, ці можна і надалей працаваць па старой схеме.

«Калі банкі проста хочуць аблегчыць сабе жыццё і сысці ад дзяржаўных праграмаў, то гэта няправільна, таму, што ў асноўным гэтымі праграмамі займаюцца дзяржаўныя банкі, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Калі банкі гэтым самым хочуць павысіць сваю прывабнасць, асабліва перад замежнымі партнёрамі, прыцягнуць пазыкі, — я гэта разумею, але дзе гарантыя, што мы, стварыўшы гэта агенцтва, так ужо павысім прывабнасць нашых банкаў? Такіх гарантый пакуль ніхто даць не можа».

Аднак, па словах кіраўніка Нацбанка Пятра Пракаповіча, такое агенцтва магло б узяць на сябе абслугоўванне праблемных крэдытаў, якія ўзнікаюць у выніку рэалізацыі дзяржаўных праграмаў.

«Нягледзячы на тое, што такіх праблемных крэдытаў няшмат (каля 1% ад агульных крэдытных рэсурсаў па дзяржпраграмах), гэта аказала б рэальную дапамогу банкаўскай сістэме і дазволіла б павысіць крэдытныя рэйтынгі банкаў», — распавёў Пётр Пракаповіч.
Акрамя гэтага, па словах кіраўніка Нацбанка, спецыялізаванае фінансавае агенцтва неабходна таксама для забеспячэння стабільнай і ўстойлівай працы банкаўскай сістэмы.

Как вам новость?
Головоломки