Лукашэнка: супярэчнасці Расіі і Грузіі адбіваюцца на саміце АБСЕ

02.12.2010 17:11
Архив Редакция

Беларусь зацікаўлена ў мірным вырашэнні канфлікту ў Грузіі. Аднак калі Расія і Грузія не прыйдуць да кампрамісу, прыняцця выніковага дакумента саміту АБСЕ можа не адбыцца, заявіў 1 снежня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Астане, адказваючы на пытанні прадстаўнікоў грузінскіх СМІ.

«Мы абсалютна мірныя людзі, мы хацелі б, каб нашы браты ў Грузіі — мы ж жылі ў адной дзяржаве, і расійцы, і грузіны, — усё-ткі знайшлі мірнае рашэнне гэтага канфлікту, каб там сітуацыя нарэшце супакоілася», — цытуе Аляксандра Лукашэнку БелТА.

Прэзідэнт краіны заявіў, што дадзеная праблема далёка не спрыяе ўмацаванню міру на Каўказе, у той час як Беларусь лічыць, што ў гэтым рэгіёне людзі заслугоўваюць годнага ўзроўню жыцця.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся таксама на тэму прыняцця выніковага дакумента саміту АБСЕ, які праходзіць цяпер у Астане. Палітык заўважыў, што на гэтым пытанні могуць адбіцца супярэчнасці Расіі і Грузіі. «Трэба будзе шукаць кампрамісы», — прызнаў ён.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, адчуваецца прысутнасць некаторых вострых пытанняў, адно з якіх — грузінскае. «Калі кампрамісы не знойдзем, то і дакумент не прымем. Таму мне здаецца, што тут трэба будзе яшчэ працаваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт Беларусі таксама нагадаў, што напружаную працу вядуць і эксперты, і кіраўнікі дзяржаў.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, 8 жніўня 2008 Грузія пачала ваенную аперацыю па аднаўленні канстытуцыйнага парадку ў Паўднёвай Асетыі. У адказ Расія пачала ваенную аперацыю «па прымусе бакоў да міру». 13 жніўня пры пасярэдніцтве краін ЕС бакі заключылі перамір’е.

30 верасня 2009 незалежная камісія ЕС апублікавала даклад па вайне на Каўказе, у якім адзначаецца, што ўсе бакі канфлікту, у тым ліку расійскія, грузінскія і паўднёваасетынскія войскі, парушылі міжнародныя законы аб правах чалавека.

Незалежнасць дзвюх закаўказскіх рэспублік прызналі Расія, Нікарагуа, Венесуэла і Рэспубліка Науру. Грузія па-ранейшаму лічыць Паўднёвую Асетыю і Абхазію сваімі тэрыторыямі, акупаванымі расійскімі войскамі.

Аб сваім цвёрдым намеры прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асетыю заяўляў і прэзідэнт Беларусі, аднак афіцыйны Мінск не зрабіў гэтага да гэтага часу.

Как вам новость?
Головоломки