Лукашэнка: трагедыя пад Смаленскам — вынік рашэння Качынскага

15.04.2010 11:55
Архив Редакция

Па меркаванні прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, авіякатастрофа польскага Тую-154 пад Смаленскам стала вынікам няправільнага рашэння прэзідэнта Леха Качынскага. Пра гэта беларускі лідар заявіў падчас працоўнага візіту ў Гомельскую вобласць. "Мы вельмі шкадуем. Гэта трагедыя", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Загінуў не толькі прэзідэнт, амаль 100 чалавек, у тым ліку кіраўнікі — гэта кіраўнікі дружалюбнага, вельмі блізкага нам народу. Вядома, гэта трагедыя не магла не адклікацца ў нашых сэрцах», — адзначыў прэзідэнт Беларусі, перадае БелТА.

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, каб сапраўды вызначыць прычыны катастрофы, неабходна дачакацца высноў камісіі, якая яе расследуе, аднак, па словах беларускага лідара, «вы ўбачыце, што ўсё было нармалёва з тэхнікай, тут было няправільнае рашэнне галоўнага чалавека».

«Не хачу казаць, хто вінаваты, хто не, хоць для мяне гэта абсалютна зразумела. Калі ляціць самалёт з прэзідэнтам на борце, калі ідзе адхіленне ад нормы, камандзір экіпажа напроста дакладвае прэзідэнту пра гэта. Прэзідэнт пытае, ці магчыма ў гэтым выпадку пасадзіць самалёт, але апошняе слова застаецца за ім. Ён прымае рашэнне — садзіць самалёт ці не. Але пілоты маюць права не падпарадкавацца», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Лукашэнка: калі я прымаю рашэнне, пілоты жалезна выконваюць

Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка настойвае, што канчатковае рашэнне пра далейшыя дзеянні пілотаў, прынамсі, у Беларусі прымае толькі прэзідэнт. «У мяне гэта недапушчальна: калі я прымаю рашэнне, пілоты жалезна выконваюць», — заявіў беларускі лідар.

«Пілот прыйшоў, я ўпэўнены, даклаў прэзідэнту, тым больш самалёт чатыры разу заходзіў на пасадку, нулявая бачнасць. Прэзідэнт прыняў рашэнне садзіцца», — упэўнены кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Зразумела, хто нясе за гэта адказнасць. Вінаваты, не вінаваты, ты першы чалавек, ты нясеш за гэта адказнасць. І мы, прэзідэнты, павінны разумець і тое, што ў самалёце сядзіць яшчэ сотня чалавек, у якіх ёсць сем’і. Казаць пра тое, што вінаватыя пілоты, яны прынялі рашэнне, няправільна, так не бывае», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах прэзідэнта Беларусі, трагедыя пад Смаленскам для ўсіх — «гэта вельмі сур’ёзны ўрок». «Вельмі сумна, што прэзідэнт загінуў. Калі гіне прэзідэнт, гэта вельмі дрэнна і для краіны, і для прымаючага боку», — канстатаваў беларускі лідар.

У пацверджанне сваіх слоў кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што іміджу Расіі гэта катастрофа ўжо нанесла істотную шкоду, таму што людзі пачалі адмаўляцца лятаць на расійскіх самалётах, а шэраг краін вырашылі адмовіцца ад лайнераў Тую-154, якія выкарыстоўваліся да цяперашняга часу ў якасці самалётаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, паведамляе СТВ.

Как вам новость?
Головоломки