Лукашэнка: трэба развярнуць эканоміку тварам да інавацыяў

20.04.2010 15:34
Архив Редакция

Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду, Нацыянальнай акадэміі навук і парламенту распрацаваць і прыняць комплексны закон "Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы". Пра гэта прэзідэнт Беларусі паведаміў 20 красавіка, выступаючы са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту. 

«Дагэтуль мы не здолелі зрабіць галоўнага — разгарнуць галіны эканомікі тварам да інавацый, накіраваць іх на актыўнае ўкараненне навуковых дасягненняў і найноўшых тэхналогіяў, — лічыць глава дзяржавы. — Чацвёрты год рэалізуецца праграма інавацыйнага развіцця краіны, але адчувальнай аддачы ад тысячы інавацыйных праектаў, якія павінны былі змяніць эканоміку, няма».

Па словах прэзідэнта, пэўныя надзеі на ўкараненне навукова-тэхнічнага прагрэсу ўскладзены на рэалізацыю Нацыянальнай касмічнай праграмы і будаўніцтва атамнай электрастанцыі, але гэтым нельга абмяжоўвацца. «Мы яшчэ не можам пахваліцца прарыўнымі інавацыямі, звязанымі з распрацоўкай і ўкараненнем уласных найноўшых тэхналогіяў. І на гэтым стратэгічным кірунку недапрацоўваюць як айчынная навука, так і рэальны сектар эканомікі», — прыводзіць словы Аляксандра Лукашэнка БелТА.

Лукашэнка: інвестары сутыкаюцца ў Беларусі з адкрытым бюракратызмам

На думку беларускага лідара, інвестыцыйны кодэкс Беларусі неабходна кардынальна перагледзець. Гэты дакумент быў прыняты дзевяць гадоў назад, і цяпер наспела неабходнасць яго кардынальнага пераглядзець.

«Усе больш і больш салідных інвестараў прыходзіць у Беларусь. Але з чым яны часам сутыкаюцца? З непаваротлівасцю на месцах і адкрытым бюракратызмам, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Нягледзячы на тое, што ўсе ведаюць пра маю пільную ўвагу да рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў, бюракратычныя перашкоды не знікаюць».

Як лічыць прэзідэнт, «нельга разбураць адкрытым галавацяпствам прывабнасць Беларусі як транзітнай дзяржавы, якая валодае значным навукова-вытворчым патэнцыялам, развітай інфраструктурай, кваліфікаванымі кадрамі».

Как вам новость?