Лукашэнка: у апазіцыі зманлівыя надзеі "задушыць" мяне на выбарах

19.07.2010 09:57
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе працоўнай паездкі па Гомельскай вобласці заявіў, што лічыць зманлівымі надзеі апазіцыі з дапамогай адзінага кандыдата "задушыць" яго на прэзідэнцкіх выбарах. "Гэта палітычная барацьба плюс грошы, і надзеі на тое, што вось яны адзінага там вызначаць - Пятрова, Сідарава - і «задушаць» дзейнага прэзідэнта - гэта зманлівыя надзеі", - сказаў прэзідэнт.

«Ну, здавалася б, збярыцеся і вызначцеся, ну два, ну тры кандыдаты, але не 10, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Гэта так мне заходнікі кажуць. Але яны ж не могуць вызначыцца. Я кажу: ды супакойцеся, гэта іхні бізнэс. Ну як, калі іх дваццаць і за імі яшчэ шлейфы невялікія, можа, па 10, можа, па 20 чалавек — гэта ж гранты цяпер. Вы іх называеце грантасмокамі, цалкам правільна».

Па словах беларускага лідара, «яны ж добра жывуць», перадае БелаПАН. «Ім кажуць: вы здыміце сваю кандыдатуру. Ну ладна, знялі, а грошы дзе потым зарабляць? Яны ж ужо адвыклі працаваць, яны ж усё бамжы, яны ж усе беспрацоўныя. Таму іх вельмі шмат цяпер, і гэта натуральна», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што больш падрабязная размова на гэтую тэму прэзідэнцкіх выбараў будзе тады, калі «ўшчыльную падыдзем» да іх. «Наогул жа, Гасподзь ім у дарогу. Падыдзем ушчыльную да прэзідэнцкіх выбараў, будзем падрабязна на гэтую стыхійную тэму гаварыць. Сёння стыхія бушуе ў апазіцыі — але гэта іхнія праблемы, я, шчыра кажучы, не вельмі ў гэта ўцягнуты», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: для мяне перадвыбарчы піяр — гэта падрыхтоўка да ўборкі ўраджаю, планаў на пяцігодку і Усебеларускі народны сход

Акрамя таго, прэзідэнт Беларусі заявіў, што пакуль не думае аб перадвыбарным піяры і будучай прэзідэнцкай кампаніі. «Для мяне сёння галоўнае — годна правесці збор ураджаю, падрыхтаваць бюджэт на наступны год, праграму на будучую пяцігодку, правесці Усебеларускі народны сход. Вось гэта сёння мой піяр», — цытуе кіраўніка дзяржавы БелТА.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яму пакуль не да прэзідэнцкіх выбараў. «Калі я буду ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, то яны для мяне будуць тым лягчэйшыя, чым хутчэй мы збярэм ўраджай. Для мяне сёння важны піяр не ў Еўропе або за акіянам. Для мяне піяр — вось тут, на гэтай зямлі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.