Лукашэнка: у Беларусі няма шкурных інтарэсаў у Мытным саюзе

22.07.2010 14:42
Архив Редакция

"Беларусь ніколі не мела шкурных інтарэсаў, развіваючы Мытны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана і ідучы на інтэграцыю, у тым ліку ў Саюзнай дзяржаве", — заявіў 22 ліпеня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з адказным сакратаром Камісіі Мытнага саюза Сяргеем Глазьевым.

«Беларускі бок не вінаваты ў тым, што ў нас у саюзе Беларусі і Расіі не ўсё, мякка кажучы, атрымліваецца. У нас і рэсурсаў няма, і не было, каб тармазіць саюз Беларусі і Расіі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Беларускі лідар таксама падкрэсліў, што Беларусь не збіраецца тармазіць тыя працэсы, якія пачаліся, аднак, «няўхільна выконваючы дасягнутыя дамоўленасці, будзе патрабаваць гэтага ж і ад сваіх партнёраў», перадае БелТА.

У цэлым прэзідэнт адзначыў, што працэс інтэграцыі дзвюх дзяржаў «занадта далёка зайшоў», таму «выбудаваць мяжу паміж Беларуссю і Расіяй» можна толькі ў выпадку дэнансацыі падпісаных раней дамоваў. Рабіць гэта, па словах Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь не збіраецца, аднак дзейнічаць будзе, «зыходзячы у тым ліку са сваіх нацыянальных інтарэсаў».

Лукашэнка: Беларусь не будзе сядзець на лаўцы запасных ў Мытным саюзе

«Калі нам адкрыта пачынаюць дэманстраваць, што мы там на лаўцы запасных, мы з такім падыходам не згодныя і наколькі гэта магчыма, каб не тармазіць гэтыя працэсы, змагаемся з гэтым, — адзначыў беларускі лідар. — Калі мы ўбачым, што гэта абсалютна непрымальна для нас, мы будзем шукаць іншыя шляхі».

«Увогуле саюз ствараўся, каб паказаць прыклад, пакуль выходзіць наадварот. Таму, калі ёсць магчымасць прасунуцца ў нейкіх іншых інтэграцыйных утварэннях, Беларусь ніколі не будзе гэтаму перашкаджаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што пакуль Мытны саюз вялізных выгадаў беларускаму боку не прынёс, роўна як і шкоды. Праца па інтэграцыі вядзецца, па словах Аляксандра Лукашэнкі, «у рэжыме чакання».

У сваю чаргу, Сяргей Глазьеў распавёў, што ў будучыні можна чакаць значнага эфекту ад дадзенага інтэграцыйнага аб’яднання. Так, на працягу пяці гадоў прырост ВУП у Мытным саюзе складзе каля 15%, праінфармаваў беларускага лідара кіраўнік Камісіі МС. Пры гэтым асаблівую выгаду, па яго словах, атрымаюць прадпрыемствы, якія занятыя ў сферы вытворчай кааперацыі. «Вядома, пераходны перыяд праходзіць не без шурпатасцяў, але ў цэлым працэс увайшоў у цвёрдую каляіну», — адзначыў Сяргей Глазьеў.

Как вам новость?
Головоломки