Лукашэнка: у Беларусі пануе парадак

12.08.2010 15:23
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння, 12 жніўня, уручыў дзяржузнагароды жыхарам краіны. Віншуючы супрацоўнікаў МУС, беларускі лідар адзначыў, што дзякуючы іх "цяжкай і, часам, небяспечнай працы" ў рэспубліцы не дапушчаны разгул злачыннасці і бандытызму. "Беларусь мае імідж краіны, дзе пануе парадак, і людзі не баяцца вечарам выйсці на вуліцу", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама павіншаваў супрацоўнікаў сістэмы аховы здароўя. «Можна з упэўненасцю сёння сказаць: беларускія лекары выйшлі на сусветны ўзровень. У гэты дзень хачу выказаць асаблівую ўдзячнасць людзям самай высакароднай прафесіі за заслугі перад народам Беларусі і нацэліць іх на новыя, больш высокія рубяжы», — сказаў прэзідэнт Беларусі.

Па словах кіраўніка дзяржавы, перад беларускай сістэмай аховы здароўя ставяцца няпростыя задачы. Сярод іх — праграма імпартазамяшчэння лекавых прэпаратаў, павелічэнне працягласці жыцця насельніцтва, барацьба з цяжкімі і хранічнымі захворваннямі, забеспячэнне медыцынскіх устаноў сучасным абсталяваннем, удасканаленне санаторна-курортнага абслугоўвання людзей, перадае БелТА.

«Многія праблемы патрабуюць неадкладнага вырашэння. Павінны быць асвоены новыя тэхналогіі, прагрэсіўныя падыходы і найбольш эфектыўныя метады прафілактыкі і лячэння», — адзначыў прэзідэнт.

Лукашэнка: умовы жыцця ва ўсіх населеных пунктах павінны адпавядаць еўрапейскім стандартам

Дзяржаўныя ўзнагароды атрымала і вялікая група працаўнікоў дарожнабудаўнічых і мостабудаўнічых арганізацыяў. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, дасягненні прадстаўнікоў гэтай сферы найбольш бачныя, і заўсёды навідавоку, а новыя масты, сучасныя аўтамагістралі надаюць новае аблічча нашай краіне, ствараюць камфорт для людзей.

«Беларусь — краіна ў цэнтры Еўропы, і мы імкнемся, каб умовы жыцця ва ўсіх населеных пунктах, а таксама арганізацыя зносінаў адпавядалі еўрапейскім стандартам. Поспехі нашых будаўнікоў даказваюць, што такая мэта абсалютна дасягальная. Хаця яшчэ працы вельмі шмат», — падкрэсліў беларускі лідар.

Сярод узнагароджаных сёння таксама былі дзеячы культуры і навукі. «Існаванне народа немагчыма ўявіць без духоўнага і інтэлектуальнага складнікаў. Мы робім стаўку на інавацыйнае развіццё краіны і якаснае паляпшэнне жыцця чалавека, у тым ліку здавальненне культурных запытаў. Навукоўцы, літаратары, мастакі, музыкі шмат у чым вызначаюць аблічча нашай краіны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы ўзнагародзіў вялікую групу супрацоўнікаў органаў памежнай службы. Па словах прэзідэнта, у сучасных умовах памежная служба — гэта «асяродак самых перадавых тэхналогіяў, але чалавек, памежнік, усё роўна застаецца ў цэнтры гэтай важнай службы».

Прэзідэнт таксама пажадаў усім узнагароджаным дабрабыту, моцнага здароўя і новых здзяйсненняў.

Как вам новость?