Лукашэнка: у Мінску самыя «растлусцелыя» чыноўнікі

30.06.2010 08:56
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі 29 чэрвеня на нарадзе з актывам горада Мінску закрануў тэмы крыміналу ў сталіцы, а таксама пытанні барацьбы з карупцыяй. "Прабачце за грубасць, але самыя "растлусцелыя" у нас чыноўнікі — у Мінску. Колькасць карупцыйных злачынстваў у сталіцы за мінулы год павялічылася на 36%", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Па дадзеных праваахоўных і кантралюючых органаў, 55% ад агульнай сумы вымаганых у рэспубліцы хабараў прыпадае на сталіцу», — праілюстраваў сітуацыю прэзідэнт, паведамляе БелТА.

«Не накідвайце самі сабе пятлю на шыю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да чыноўнікаў і нагадаўшы аб сваёй ваяўнічай пазіцыі ў дачыненні да хабарніцтва і карупцыі. «Адыходзіць ад гэтай лініі я не збіраюся», — дадаў прэзідэнт.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўзровень злачыннасці ў Мінску застаецца самым высокім у краіне ў разліку на 10 тыс. насельніцтва. «З такой сітуацыяй мірыцца нельга, калі мы паставілі сабе за мэту ператварыць Мінск ва ўзорна еўрапейскую сталіцу», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама запатрабаваў актывізаваць работу па барацьбе са злачыннасцю і прыняць самыя жорсткія меры да парушальнікаў грамадскага парадку. Акрамя таго, па словах Аляксандра Лукашэнкі, нельга забываць, што бяспека людзей павінна быць забяспечана як у побыце, так і на вытворчасці. «Па-ранейшаму застаецца высокім колькасць загінулых на вытворчасці па прычыне невыканання нарматыўных патрабаванняў па ахове працы», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Как вам новость?