Лукашэнка: у нас няма неабходнасці дэвальваваць рубель

17.12.2010 15:12
Архив Редакция

У Беларусі няма неабходнасці дэвальваваць нацыянальную валюту. Пра гэта 17 снежня заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што Беларусь сёння мае дастаткова золатавалютных рэзерваў, прыкладна шэсць-сем мільярдаў даляраў, для таго, каб задаволіць любы попыт на валюту.

«Напэўна, гэта ўжо старое як свет, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Разумны чалавек, у якога былі нейкія сумневы і напругі, зусім у зваротным кірунку разгарнуўся пасля таго, як, па-першае, мы вытрымалі паход некаторых людзей у банк, каб абмяняць нашу валюту на замежную: мы абсалютна ўсіх задаволілі — мяняйце. Праўда, трэба аддаць належнае, што ўсе, хто памяняў грошы, яны валюту аднеслі ў гэтыя ж банкі. Для дзяржавы ў прынцыпе гэта абыякава. Людзі проста глупствам займаліся. Але я папярэдзіў людзей — гэта было іх права».

«Як толькі народ убачыў, што дзяржава здольна задаволіць попыт на валютным рынку, гэтая хваля пайшла на спад, — канстатаваў прэзідэнт. — Па-другое, разумныя людзі заўважылі нашы дамоўленасці ў Маскве, пасля чаго хваля попыту на замежную валюту амаль сышла. Людзі разумеюць, што раз у эканоміцы зрухі, у коштавым плане — значыць, будзе паляпшэнне і на валютным рынку».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што знаходзіцца пад уражаннем пасля наведвання цэнтральнага сховішча Нацбанка. «Тое, што я тут бачу, яно ўражвае. Гэта гаворыць аб тым, што ў нас дастаткова рэзерваў для таго, каб кіраваць валютным рынкам у нашай краіне. Таму іх справа — крычаць. Вы ж ведаеце, хто ствараў такі ажыятаж — гэта тыя людзі, якія жывуць па прынцыпе чым горш, тым лепш для іх. Вельмі кароткі прамежак часу паказаў, чаго вартыя гэтыя заявы», — сказаў беларускі лідар, паведамляе БелТА.

«Я магу яшчэ раз паўтарыць тое, што казаў летам і на «Дажынках»: лёс наш — у нашых руках. Нармальна без панікі будзем жыць — ніякіх праблемаў не будзе. Для таго, каб вырашаць праблемы, у краіне ўсё ёсць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым, звяртаючыся да журналістаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Тое, што вы бачылі, — гэта толькі траціна залатога запасу, якая тут захоўваецца. Дзве траціны захоўваюцца ў іншых месцах. Тое ж самае і па валюце».

«Таму трэба жыць абсалютна спакойна і глядзець у будучыню. Як мне здаецца, у нас перспектывы нядрэнныя», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Как вам новость?
Головоломки