Лукашэнка: у сусветныя лідары Беларусь выведуць таленты людзей

24.05.2010 15:05
Архив Редакция

Невычэрпная скарбніца талентаў — вось праўдзівае беларускае багацце, галоўны рэсурс, дзякуючы якому Беларусь рана ці позна зойме перадавыя пазіцыі ў свеце. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 траўня на сустрэчы ў Палацы Рэспублікі з лаўрэатамі і стыпендыятамі спецыяльных фондаў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Па словах кіраўніка дзяржавы, падтрымка адоранай моладзі «з’яўляецца ў Беларусі справай дзяржаўнай важнасці і прызначана для ўсіх дзяцей, у якіх цепліцца іскра творчага агню — незалежна ад дастатку і сацыяльнага статусу іх бацькоў», паведамілі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі, перадае БелТА.
«Ствараючы нашу маладую суверэнную дзяржаву, выпрацоўваючы сваю арыгінальную мадэль развіцця, мы абапіраліся і абапіраемся на духоўныя сілы і творчы патэнцыял беларускага народа, яго здольнасці, інтэлект і працавітасць», — сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі атрымалася захаваць і развіць агульнадаступную сетку гімназій і ліцэяў, школ мастацтваў, гурткоў, студый і самадзейных калектываў. «Масавы характар набыў алімпіядны рух. Моладзь годна ўяўляе Беларусь на міжнародных інтэлектуальных і творчых спаборніцтвах, выставах і конкурсах па ўсіх відах мастацтва», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Знайшоўшы талент, мы не выпускаем яго з поля зроку, а дапамагаем дасягнуць тых вышыняў дасканаласці, якія закладзены прыродай, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Нямногія краіны могуць сказаць, што ведаюць усіх сваіх таленавітых дзяцей пайменна. А ў Беларусі створаны спецыяльныя банкі дадзеных адоранай і таленавітай моладзі. І попыт на людзей, якія лічацца ў гэтых банках дадзеных, велізарны».
Звяртаючыся да лаўрэатаў, пераможцамі міжнародных прадметных алімпіядаў, творчых конкурсаў і фестываляў, кіраўнік дзяржавы сказаў: «Вам дадзены ўсе магчымасці для асобаснага росту і ўдасканалення ў любімай справе. Галоўнае — правільна распарадзіцца імі, не закапаць бязмэтна свае таленты ў зямлю, а паспяхова рэалізаваць іх на Радзіме і з карысцю для грамадства. Калі ж вы захочаце рэалізаваць сябе за мяжой на карысць сваёй Радзіме — я таксама супраць не буду».
Прэзідэнт павіншаваў маладых людзей з заканчэннем навучальнага года і пажадаў ім здароўя, натхнення, поспехаў у вучобе, працы і творчасці. Аляксандр Лукашэнка ўручыў юнакам і дзяўчатам пасведчанні і нагрудныя знакі лаўрэатаў спецыяльнага фонду прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі і спецыяльнага фонду прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Как вам новость?
Головоломки