Лукашэнка: выбары ў Беларусі былі дэмакратычнымі заўсёды

08.11.2010 09:23
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з польскімі журналістамі заявіў, што ў Беларусі выбары заўсёды праходзілі дэмакратычна. "Я настойваю, што прэзідэнцкія выбары ў нас былі заўсёды абсалютна дэмакратычнымі! Чаму? Таму што той расклад сілаў, тыя працэнты пры галасаванні, заўсёды адпавядалі раскладу сіл на нашай, беларускай палітычнай кухні", — заявіў беларускі лідар.

Таму Аляксандр Лукашэнка лічыць некарэктнымі заявы аб тым, што выбары ў Беларусі «ўчора былі недэмакратычнымі, або маладэмакратычнымі, а цяпер больш дэмакратычныя», перадае БелТА.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што разбірацца ва ўнутраных справах краіны, у тым ліку выбарах, павінны выключна самі беларусы. «У нас ёсць народ, у нас ёсць інстытуты ўлады. Так, мы, можа быць, крыху ў «дэмакратыі» адстаем ад Польшчы. Можа, мы не такая магутная дзяржава, як Польшча, вы ўсё-ткі дзяржавай былі заўсёды. Можа быць. Але мы поўныя рашучасці быць дзяржавай цалкам паўнавартаснай і мець сітуацыю не горшую, чым у Польшчы», — адзначыў прэзідэнт.

«Ведаеце, я вам скажу адкрыта, што прыязджаць у краіну і ставіць пытанне: «вы ж правядзіце дэмакратычныя выбары» — гэта не зусім прыстойна. Ну, куды дзенешся, у рэшце рэшт, трываю. Але я б ніколі ў Польшчу не прыехаў і не сказаў бы гэтага, як бы вы там ні спрачаліся паміж сабой», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: прэзідэнт за руку вядзе на выбары іншых кандыдатаў

Аляксандр Лукашэнка таксама згадаў пра тое, як праходзіў этап збору подпісаў. «Калі б я вам мог распавесці ўсё, што мы зрабілі цяпер, калі галоўны этап быў — збор подпісаў, як паводзіла сябе ўлада… Калі б я вам усё мог расказаць, то вы б сказалі, што, сапраўды, гэта не проста дэмакратыя, а прэзідэнт за руку бярэ і вядзе іншых кандыдатаў на выбары», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар таксама адзначыў, што рэвалюцыйныя настроі беларускаму грамадству цяпер не ўласцівыя. «Беларусь не тая краіна, дзе народ, ведаеце, рынецца на плошчу і будзе ўсё разбураць. Не тая сітуацыя сёння ў Беларусі. І вельмі добра беларусы ведаюць, што адбываецца ў краіне. Але тым не менш яны да гэтага заклікаюць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час, паводле слоў прэзідэнта, беларуская ўлада спакойна глядзіць на тое, як праходзяць падрыхтоўчыя этапы перад выбарамі. «Жадаеце збіраць подпісы — збірайце, дзе хочаце. Некаторыя проста з тэлефоннага даведніка перапісалі людзей. А адзін дадумаўся да таго, што ў нейкім раёне Віцебску, толькі ў адным раёне, сабраў каля 109 тыс. подпісаў, а там усё насельніцтва — 115 тыс.», — сказаў прэзідэнт.

Как вам новость?
Головоломки