Лукашэнка: выбары прэзідэнта не павінны прайсці ў гэтым годзе

05.05.2010 10:30
Архив Редакция

Аляксандр Лукашэнка, кажучы пра хуткую перадвыбарную прэзідэнцкую кампанію, мяркуе, што выбары кіраўніка дзяржавы не павінны прайсці ў гэтым годзе. Пра гэта беларускі лідар сказаў чацвёртага траўня ў інтэрв'ю агенцтву "Рэйтар". "Канкрэтную дату выбараў я вам назваць не магу — мы пра гэта проста пакуль не думалі. Але я схіляюся да таго, што гэтыя выбары павінны прайсці на пачатку 2011 года", — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заявіў таксама, што «ў цяперашні момант няма фактараў, якія б прымусілі мяне адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах». «Што да майго ўдзелу … я рашэння гэтага не прымаў. І сумленна вам скажу, што я не сяджу і не ўзважваю за і супраць, я проста пра гэта не думаю», — сказаў беларускі лідар, паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, няма і фактараў, якія б усім беларусам давалі сігнал, што дзейсны прэзідэнт не павінен удзельнічаць у хуткіх выбарах. «Напэўна, наадварот, калі б я адмовіўся, то народ бы мяне не зразумеў. Гэта нейкая баязлівасць… Ну, ідзі на выбары: прайграеш — прайграеш, выйграеш — выйграеш. Таму я спакойна да гэтага стаўлюся», — сказаў кіраўнік краіны.
Лукашэнка: у маім узросце «толькі-толькі становяцца прэзідэнтамі»
Прэзідэнт Беларусі адзначыў таксама, што не думаў над тым, у якім узросце сыдзе з прэзідэнцкага паста. «Справа ж не ва ўзросце, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — А справа ў стане чалавека і ў магчымасці, у здольнасці забяспечыць той ці іншы працэс і выканаць тыя абавязкі, якія ты на сябе бярэш. А народ, усё гэта бачачы, супастаўляе і галасуе за ці супраць».
«Што тычыцца майго ўзросту, то я вам павінен сказаць, што я занадта рана стаў прэзідэнтам, таму вам ужо ў нейкай ступені, напэўна, надакучыў», — сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да журналіста Reuters. «А ў маім узросце толькі-толькі становяцца спелымі палітыкамі, толькі-толькі становяцца прэзідэнтамі. Раней — небяспечна», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
На пытанне журналіста, ці ёсць у Аляксандра Лукашэнкі планы, сышоўшы з прэзідэнцкага паста, пакінуць гэтую пасаду сваім сынам, прэзідэнт адказаў, што такіх «планаў, паверце, няма». «Каб мой сын стаў прэзідэнтам? Я неяк казаў, што мае дзеці «наеліся» майго прэзідэнцтва, што наўрад ці яны захочуць быць прэзідэнтамі пасля мяне», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што ў Беларусі пост прэзідэнта па спадчыне не перадаецца.

Как вам новость?
Головоломки