Лукашэнка: выбары пройдуць у адпаведнасці з сусветнымі стандартамі

25.10.2010 13:23
Архив Редакция

Будучыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і сусветнымі стандартамі. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 25 кастрычніка даверчыя граматы паслоў замежных краін. Пры гэтым беларускі лідар запэўніў, што зробіць усё, што ад яго залежыць, каб выбары прайшлі менавіта так.

Звяртаючыся да дыпламатаў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для іх адкрыта палітычнае і дзелавое жыццё краіны. «Вы ўсё зможаце ўбачыць на ўласныя вочы», — цытуе кіраўніка беларускай дзяржавы БелТА.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што паслы будуць «добразычлівымі і непрадузятым назіральнікамі працэсаў, што адбываюцца ў краіне». «Давайце разам працаваць на збліжэнне народаў і ўмацаванне доўгатэрміновых адносінаў паміж нашымі краінамі», — дадаў прэзідэнт Беларусі.

Акрамя таго, па словах Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь дынамічна развіваецца. «Асабліва актуальнымі цяпер сталі лібералізацыя эканомікі, разняволенне творчай і прадпрымальніцкай ініцыятывы. Мы актыўна працуем над стварэннем спрыяльнага інвестыцыйнага клімату. Сёння Беларусь імкнецца авалодаць новымі тэхналогіямі, атрымаць доступ да ноў-хаў», — адзначыў беларускі лідар.

«Супрацоўніцтва ў навуковай сферы і галіне сучасных прамысловых распрацовак — адзін са складнікаў дыялогу з сусветнай супольнасцю», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што «гэты дыялог будзе развівацца ў канструктыўным ключы на прынцыпах добрасуседства і згоды». Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь адкрытая для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі краінамі свету. «Мы зацікаўлены ў эканамічным партнёрстве, гатовыя ініцыяваць сумесныя праекты, усяляк падтрымліваць любыя добрыя пачынанні», — канстатаваў беларускі лідар.

Как вам новость?
Головоломки