Лукашэнка выдасць дырэктыву №4 аб лібералізацыі эканомікі

20.04.2010 15:15
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім штогадовым пасланні беларускаму народу і парламенту назваў шэраг новых стратэгій, якія "змогуць забяспечыць якасны прарыў у беларускай эканоміцы". Па словах прэзідэнта, таксама "наспела неабходнасць прыняцця дырэктывы № 4 аб далейшай лібералізацыі эканомікі, накіраванай на разняволенне прадпрымальніцкай ініцыятывы".

Беларускі лідар адзначыў новую тэхналагічную стратэгію. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, яе часткамі «павінны стаць структурныя пераўтварэнні эканомікі, якія прадугледжваюць перавагу галінаў, што вырабляюць прадукцыю з высокім дабаўленым коштам», перадае БелТА.

«У склад гэтай стратэгіі павінна ўваходзіць і стварэнне высокатэхналагічных прадпрыемстваў, здольных прапанаваць свету прынцыпова новыя віды тавараў і паслуг, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — А таксама фармаванне рынкавых стымулаў для павышэння інавацыйнай актыўнасці ўсіх суб’ектаў гаспадарання».

Наступным важным кірункам прэзідэнт назваў выпрацоўку стратэгіі дзелавой актыўнасці, галоўнай ідэяй якой «павінен стаць прынцып канкурэнцыі замест манаполіяў». Далей кіраўнік краіны назваў транзітную стратэгію, якая прадугледжвае пашырэнне транспартных, камунікацыйных і фінансавых калідораў.

«Гэта павінна стаць тым асноўным звяном, якое забяспечыць якасны рывок у эканамічным развіцці краіны і дазволіць, выкарыстоўваючы геаграфічныя перавагі Беларусі, заняць сваю нішу ў міжнародным падзеле працы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Глава дзяржавы адзначыў і энергетычную стратэгію, якая павінна быць узмоцнена «за кошт больш актыўнага выкарыстання ўзнаўляльных крыніц энергіі, будаўніцтва новых сучасных энергетычных магутнасцяў, а таксама дыверсіфікаванні паставак традыцыйных рэсурсаў».

«Больш за тое, у будучай пяцігодцы энергетычная стратэгія стане асноўным кірункам дзейнасці ўсіх органаў улады, у тым ліку прэзідэнта. Паколькі гэта галоўны фактар забеспячэння незалежнасці нашай дзяржавы», — падкрэсліў прэзідэнт.

Лукашэнка: у беларусаў трэба выхоўваць жаданне якасна жыць

Прарыў у эканоміцы, на думку прэзідэнта, немагчымы без рэалізацыі стратэгіі ўсеабдымнай інфарматызацыі, якая арыентавана «на прадстаўленне шырокага спектру электронных паслуг для грамадзян і бізнэсу, і на пераход дзяржапарата на працу па прынцыпе інфармацыйнага ўзаемадзеяння».

«Гэта мае для нашага грамадства велізарнае эканамічнае і сацыяльнае значэнне, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Тым больш што мы гэта ўмеем рабіць не горш за самыя перадавыя краіны свету».

«Гэтыя стратэгічныя кірункі дазволяць Беларусі не толькі захаваць годнае месца ў сучасным зменлівым свеце, але і ісці наперад, працаваць значна эфектыўней, чым раней. Вось адкуль аб’ектыўна паходзяць імператыў якасці ў нашай дзяржаўнай палітыцы і матывацыя таго, што 2010 год абвешчаны годам якасці», — сказаў беларускі лідар.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што змест»гэтага імператыву іншы, глыбейшы». Па словах прэзідэнта, сёння мала адміністратыўнымі метадамі забяспечваць якасную вытворчасць прадукцыі.

«Неабходна фармаваць агульную культуру якасці ў краіне, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Трэба выхоўваць у нашых людзях устойлівае жаданне якасна жыць, працаваць, вучыцца, выконваць ускладзеныя на іх абавязкі. Гэта павінна стаць ладам жыцця! Таму што якасць пачынаецца з канкрэтнага чалавека, з кожнага з нас — нашай кваліфікацыі, адказнасці, ініцыятыўнасці. Вельмі важна мысліць па-новаму, пераадолець інэрцыю і пасіўнасць, адсутнасць веры ў свае сілы, недаацэнку ўласных магчымасцяў».

Лукашэнка: Беларусь павінна дасягнуць еўрапейскага ўзроўня якасці жыцця

Па словах беларускага лідара, неабходна дамагацца дынамічнага прарыву ў цяперашніх умовах. «Гэта значыць прывесці ў дзеянне не толькі эканамічныя рычагі, але і сацыяльныя, культурныя, духоўныя фактары. Стварыць умовы для творчай рэалізацыі чалавека», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што толькі тады буйнамаштабная дзяржаўная дзейнасць па забеспячэнні якасці можа стаць  арганізуючым элементам грамадскага развіцця.

«Мэтай высілкаў усяго беларускага народа павінна быць фармаванне па-сучаснаму канкурэнтаздольных як эканомікі, так і дзяржавы, і нацыі ў цэлым. Мы павінны дасягнуць у найбліжэйшай перспектыве еўрапейскага ўзроўню і якасці жыцця нашых людзей», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Как вам новость?
Головоломки