Лукашэнка вырашыў правесці структурную перабудову эканомікі Беларусі

27.01.2011 15:05
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 студзеня, выступаючы на пасяджэнні сёмай пазачарговай сэсіі парламенту, запатрабаваў ад новага ўрада правесці структурную перабудову эканомікі краіны. На думку кіраўніка дзяржавы, у Беларусі неабходна мадэрнізаваць дзейныя прадпрыемствы, каб павысіць іх канкурэнтаздольнасць, а таксама стварыць прынцыпова новыя экспартаарыентаваныя вытворчасці. 

Да хранічна стратных прадпрыемстваў прэзідэнт запатрабаваў прыняць радыкальныя меры, нават да ліквідацыі. Аказваць фінансавую дзяржпадтрымку, на думку кіраўніка дзяржавы, неабходна толькі эфектыўным або асабліва значным сацыяльным праектам, перадае БелТА.

«Патрабаванне тут адно: людзі, супрацоўнікі ліквідаваных прадпрыемстваў, не павінны быць пакрыўджаныя. Па пытаннях працаўладкавання такіх работнікаў ураду трэба цесна ўзаемадзейнічаць з мясцовымі органамі ўлады», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў развіцці Беларусі павінна істотна ўзрасці ролю навукі. «Наперадзе ў нас цяжкая і адказная праца. Часу на разварушванне няма. Неабходна прымаць важныя для краіны рашэнні, у тым ліку па кадравых пытаннях», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу да 2016 года наблізіць да сярэднееўрапейскіх паказчыкі вытворчасці валавага ўнутранага прадукту на душу насельніцтва і ўзровень жыцця насельніцтва Беларусі. На думку прэзідэнта, для рэалізацыі гэтых задач у першую чаргу неабходна надаць новую якасць рабоце ўрада як эканамічнага штаба.

Лукашэнка: Саўмін не павінен стала панукаць міністрамі

«Вельмі важна, каб Савет міністраў стаў па-сапраўднаму калегіяльным органам кіравання. Не трэба «вісець» над міністрамі і пастаянна імі панукаць. На цяперашнім этапе варта пераносіць ўсю адказнасць за стан эканомікі і сацыяльнай сферы на міністраў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, губернатараў, старшынь райвыканкамаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прадстаўляючы парламенту Міхаіла Мясніковіча, прызначанага новым прэм’ер-міністрам краіны, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго задачы ўваходзіць перш за ўсё кантроль над выкананнем стратэгічных задач, вызначаных у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на пяцігодку, а не кантроль над міністрамі.

Лукашэнка: выканаўчую дысцыпліну ніхто не адмяняў

«Міхаілу Уладзіміравічу варта так выбудаваць працу Савета Міністраў, каб спрэчкі і дыскусіі мелі месца толькі да моманту прыняцця рашэнняў. Далей — безумоўнае выкананне, без лішняй мітусні і размоў. Патрабаванне выканальніцкай дысцыпліны ніхто не адмяняў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Між тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікі вопыт эканамічнай, навуковай і кіруючай дзейнасці новага кіраўніка Саўміна. На думку прэзідэнта, рознабаковы досвед Міхаіла Мясніковіча будзе вельмі карысны Беларусі, якая «пераходзіць на інавацыйны шлях развіцця».

«Ён ведае, што такое нана-, бія-, лазерныя, фармакалагічныя, касмічныя і іншыя перадавыя тэхналогіі. Ці зможа вызначыць, якія з гэтых напрамкаў нам лепш развіваць. Гэта важна, бо роля акадэмічнай, галіновай і вузаўскай навукі ў развіцці краіны ў бягучай пяцігодцы ўзрастае», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што для развіцця эканомікі ў Беларусі закладзена добрая аснова. «Для выканання намечанага на новую пяцігодку неабходныя вялікая дынаміка развіцця краіны, сучасныя падыходы да кіравання эканомікай. Для гэтага ва ўрадзе патрэбныя людзі рашучыя, дасведчаныя, прагматычныя, якія добра ведаюць праблемы і якія ідуць ад жыцця. Менавіта такі Савет міністраў цяпер у асноўным сфармаваны», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки