Лукашэнка вызначыў парадак перадачы дзяржжылля ва ўласнасць грамадзянаў

27.07.2010 09:19
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 388 "Аб парадку распараджэння дзяржаўным жыллёвым фондам". Дакумент уступае ў сілу праз чатыры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання і вызначае выразны механізм адплатнага і бязвыплатнага адчужэння дзяржаўнага жылля, заявілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Акрамя гэтага прыняты «ў мэтах комплекснага рэгулявання прававых адносін па распараджэнні дзяржаўным (рэспубліканскім) жыллёвым фондам» указ вызначае механізм перадачы дзяржжылля ў межах рэспубліканскай уласнасці, а таксама набыцця жылых памяшканняў ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь, распавялі ў прэзідэнцкай прэс-службе.

Дакумент вызначае кампетэнцыю дзяржаўных органаў па распараджэнні замацаванымі за імі жылымі памяшканнямі, а таксама жылымі памяшканнямі, якія знаходзяцца ў аператыўным кіраванні або гаспадарчым вядзенні падначаленых ім рэспубліканскіх юрыдычных асобаў (якія ўваходзяць у іх склад) альбо япамяшканнямі, якія перададзены ў бязвыплатнае карыстанне недзяржаўных юрыдычных асобаў.

Пасля ўступлення ўказа ў сілу дзяржаўныя органы змогуць адчужаць жылыя памяшканні працаўнікам, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, і будуць прадаваць іх такім грамадзянам па ацэначным кошце (але не вышэйшым за рынкавы).

Прымаць рашэнне аб адчужэнні жылых памяшканняў, што знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці, грамадзянам, якія не стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, а таксама юрыдычным асобам на бязвыплатнай ці аплатнай аснове і продажы жылых памяшканняў на аўкцыёне будзе прэзідэнт краіны.

Што ж тычыцца бязвыплатнай перадачы ў камунальную ўласнасць жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь і аператыўным кіраванні Нацыянальнага банка, Адміністрацыі прэзідэнта, Упраўлення справамі прэзідэнта, Нацыянальнай акадэміі навук, іншых дзяржорганаў (дзяржарганізацыяў), падначаленых прэзідэнту, і Генеральнай пракуратуры, а таксама набыцця жылых памяшканняў у дзяржуласнасць за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту або бязвыплатна, то рашэнне аб гэтым будзе прымаць урад краіны па ўзгадненні з прэзідэнтам.

Урад будзе мець права перадаваць жылыя памяшканні ў межах рэспубліканскай уласнасці, ажыццяўляць адчужэнне дзяржаўнага жылля ў іншых выпадках, вызначаных указам.

Падрабязны механізм прыняцця рашэнняў аб продажы жылых памяшканняў замацаваны ў Палажэнні аб парадку і ўмовах продажу жылых памяшканняў рэспубліканскага жыллёвага фонду, зацверджаным указам.