Лукашэнка вызначыў парадак забеспячэння жыллём дзяцей-сіротаў

28.10.2010 11:58
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 кастрычніка падпісаў Указ № 552, паводле якога ў Беларусі павінны быць забяспечаны празрыстыя прававыя механізмы для паляпшэння жыллёвых умоў грамадзянаў. Так, указ прэзідэнта вызначае парадак уліку і забеспячэння жыллём (у тым ліку, сацыяльным) дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Як паведамілі ў Адміністрацыі прэзідэнта, новым указам, які ўступае ў сілу з 1 студзеня 2011 года, таксама вызначаюцца выпадкі прыняцця мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі рашэнняў аб немагчымасці ўсялення гэтай катэгорыі дзяцей i прыраўнаваных да яе асоб у замацаваныя за імі жылыя памяшканні.

Акрамя таго, у адпаведнасці з указам прэзідэнта, дзяржава цяпер будзе аказваць падтрымку пры будаўніцтве, рэканструкцыі або набыцці жылля для рэалізацыі толькі аднаго абранага грамадзянамі спосабу паляпшэння жыллёвых умоў.

Напрыклад, грамадзяне, якія атрымалі без аўкцыёну зямельныя ўчасткі для будаўніцтва жылых дамоў, ужо не змогуць атрымаць дзяржпадтрымку на адначасовае будаўніцтва іншага жылля. І наадварот, грамадзянам, накіраваным на будаўніцтва, рэканструкцыю або набыццё жылля з дзяржпадтрымкай ў складзе арганізацыі забудоўшчыкаў або на заключэнне дагавора долевага будаўніцтва, да прыняцця рашэння аб зняцці іх з уліку ў паляпшэнні жыллёвых умоў зямельныя ўчасткі для будаўніцтва жылля без аўкцыёну прадстаўляцца не будуць.

Акрамя таго, згодна з указам прэзідэнта, ўлік грамадзян, якія пражываюць у населеных пунктах на тэрыторыях сельсаветаў, будзе ажыццяўляцца адпаведнымі сельскімі выканаўчымі камітэтамі, а грамадзян, якія маюць права на атрыманне сацыяльнага жылля, — сельскімі і раённымі выканаўчымі камітэтамі.

Таксама ўказ прэзідэнта дае права высокакваліфікаваным спецыялістам, якія працавалі за мяжой па кантракце і якія стаяць на ўліку і маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, атрымліваць жыллё ў інтэрнатах па-за чаргой.

Как вам новость?
Головоломки