Лукашэнка: вядучыя краіны свету зацягнулі Беларусь у яму крызісу

28.04.2010 10:16
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з жыхарамі Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці 27 красавіка заявіў, што Беларусь толькі пачала выходзіць з "вельмі жорсткага крызісу". "У яму зваліліся вядучыя дзяржавы свету, яны ў гэтым вінаватыя, і пацягнулі ўсю сусветную эканоміку і нас у тым ліку. Нам удалося ўчапіцца за край гэтай прорвы, і мы пачынаем выбірацца", — сказаў прэзідэнт.

Па словах кіраўніка дзяржавы, паступова прырост назіраецца ва ўсіх галінах эканомікі. «Значыць, ёсць надзея, што праз паўгода мы вернемся да дакрызіснага ўзроўню, у тым ліку і па ўзроўні заработнай платы», — цытуе БелТА словы беларускага лідара.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо ў 2011 годзе выручка сельскай гаспадаркі будзе даведзена да трох мільярдаў даляраў. «З аднаго боку, гэта добра, а з іншага — нам не на карысць, — сказаў прэзідэнт. — Таму што з’явілася шмат зайздроснікаў: маўляў, у іх нафты і газу няма, але ў іх, бачце, лепш, яны жывуць добра — напэўна, жывуць за кошт нас».

«Мы жывём за кошт сваіх рук, сваіх мазалёў, як прывыклі ўсюды ў нас у краіне», — дадаў кіраўнік дзяржавы. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на поспехі ў эканоміцы не варта расслабляцца, таму што «нечакана ўдарыць з таго боку, з якога не чакаеш». «Мы павінны адрадзіць, аднавіць гэты край, каб прыемна было жыць тут і вам, і вашым дзецям», — падкрэсліў прэзідэнт.

Лукашэнка: Прыпяцкае Палессе стане сапраўднай жамчужынай Беларусі

Па словах беларускага лідара, Прыпяцкае Палессе ў будучай пяцігодцы атрымае абсалютна новае аблічча. «У будучай пяцігодцы мы абавязкова ўпрыгожым Палессе, зробім яго жамчужынай. Мы цалкам памянялі імідж гэтага кавалка зямлі і поўныя рашучасці давесці гэту працу да канца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава «будзе толькі дапамагаць у гэтай працы, а ўсе асноўныя сілы лягуць на плечы саміх палешукоў». Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што прынята праграма, у якой спланаваны ўсе мерапрыемствы па адраджэнні Палесся, вылучаны на гэта неабходныя сродкі.

Кажучы пра меліярацыю земляў Прыпяцкага Палесся, прэзідэнт падкрэсліў, што фінансаванне адпаведнай дзяржаўнай праграмы ні ў якім разе не будзе скарочана. «Як я ўжо казаў, з наступнай пяцігодкі меліярацыя стане асноўнай праграмай, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Грошы будуць, таму што праграма развіцця сяла ўжо будзе завершана, з аграмястэчкамі таксама скончым, таму затратных праектаў ужо не будзе і вызваляцца грошы».

Беларускі лідар таксама нагадаў, што асноўныя працы па меліяраванні земляў павінны быць праведзены ў бліжэйшыя тры гады. «Новыя землі меліяравацца не будуць, будуць толькі аднаўляцца сістэмы, якія прыйшлі ў запусценне з савецкіх часоў. Да ўсіх працаў трэба падыходзіць па-гаспадарску. Акрамя таго, за меліяраванымі землямі будзе весціся кантроль, каб яны зноў не прыйшлі ў запусценне», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Стасуючыся з мясцовымі жыхарамі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо даўно і добра ведае гэты край і ўсе праблемы, якія тут ёсць, дадаўшы, што Беларусь паспяхова пераадольвае наступствы сусветнага крызісу.

Как вам новость?