Лукашэнка: вінаватыя ў тэракце павінны панесці самае суровае пакаранне

13.04.2011 15:18
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 красавіка на нарадзе даручыў следчай групе па расследаванні тэракту ў мінскім метро ў максімальна кароткія тэрміны завяршыць усе працэсуальныя дзеянні і накіраваць справу ў суд. "Вы ведаеце стаўленне людзей — гэта гора ўсяго народа. Вінаватыя павінны панесці самае суровае пакаранне", — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў арыштаваць ўсіх, у каго ёсць незарэгістраваная зброя і выбуховыя рэчывы. «Усіх, у каго знойдзеце незарэгістраваную зброю і выбухоўку, чорных і белых капальнікаў — усіх за краты. Толькі так мы зможам у будучыні пазбегнуць падобных тэрактаў», — адзначыў прэзідэнт, перадае БелТА.

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў міністру абароны за два тыдні завяршыць рэвізію складоў зброі і боепрыпасаў, выключыць патроны і выбухоўку з воінскіх інтэрнатаў. «Як мне дакладваюць, пацікавіліся некаторымі інтэрнатамі вайскоўцаў — чаго там толькі няма: і патроны, і боепрыпасы, і выбухоўка», — сказаў ён.

Лукашэнка загадаў спыняць любую паніку: з нагоды выбухаў, валюты, прадуктаў

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў спыняць любыя панічныя настроі ў грамадстве, у тым ліку адносна харчавання і валюты. Паводле яго слоў, за распаўсюд паклёпніцкіх выдумак людзі павінна панесці крымінальную адказнасць.

«Не магу не звярнуць увагу яшчэ на адзін найважнейшы момант гэтых дзён. Ён звязаны са спробай стварэння ў грамадстве панікі праз распаўсюд чутак пра шматлікія выбухі ў краіне, аб тым, што за гэтым стаіць ўлада і так далей. Ужо дагаварыліся да таго, што не толькі ўлады здзяйсняюць гэтыя гнюсныя злачынствы, але і ваенныя, міліцыя, праваахоўныя органы і нават царква», — адзначыў прэзідэнт.

Ён запатрабаваў знайсці тых, хто стварае паніку, затрымаць і дапытваць іх, як злачынцаў. «Мне даклалі, што такія людзі затрыманыя. Ніякага ім прабачэння. Гэта яны ствараюць гэтае асяроддзе і пачынаюць бударажыць сумленных і прыстойных людзей», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Катэгарычна хачу ўсіх папярэдзіць, гэта тычыцца і сродкаў масавай інфармацыі: за распаўсюд падобных паклёпніцкіх выдумак вінаватыя панясуць крымінальную адказнасць. Як паказаў учорашні дзень, вылічыць іх цяжкасці не складае. Спецыялістаў у нас на гэта хапае», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Как вам новость?