Лукашэнка: хай грамадзяне цяпер падтрымаюць апазіцыю

08.10.2010 09:07
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў беларусаў падтрымаць прэтэндэнтаў на прэзідэнцкі пост ад апазіцыі. "Нам трэба звярнуцца да людзей і папрасіць: хай яны аддадуць подпісы і за альтэрнатыўных кандыдатаў. Там іх 16 чалавек. Яны хочуць ісці на выбары. Хай ідуць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы Аляксандрам Радзьковым.

«Трэба людзям растлумачыць, каб яны падтрымалі і тых. Гэта ж не галасаванне за прэзідэнта. Гэта выдача білета на тое, каб ты далей прыняў удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Таму што, калі ты не збярэш подпісы, цябе ж ніхто не зарэгіструе. Таму хай ужо людзі падтрымаюць і іх. А ў дзень галасавання яны вызначацца, за каго галасаваць: або за Лукашэнку, або за апазіцыю», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час, прэзідэнт лічыць, што за вылучэнне яго ў кандыдаты ў прэзідэнты сабрана ўжо дастаткова подпісаў — больш за 600 тыс. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы лічыць магчымым спыніць збор подпісаў яго ініцыятыўнай групы, перадае БелТА.

«Навошта людзі, ініцыятыўныя групы будуць хадзіць па дамах і збіраць подпісы? Калі, дапусцім, чалавек хоча прыйсці і аддаць свой подпіс за дзейнага прэзідэнта, яму не трэба адмаўляць. У нас ёсць грамадская прыёмная, працуе грамадская арганізацыя «Белая Русь», іншыя арганізацыі, якія гатовы нам дапамагчы. Калі яны прыйдуць да ўлады і спытаюць, дзе за Лукашэнку можна подпіс паставіць, дык ім жа, натуральна, скажуць, як гэта зрабіць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнку «насцярожвае валтузня» з подпісамі

Разам з тым, кіраўнік дзяржавы выказаў занепакоенасць паведамленнямі пра тое, што людзей нібыта прымушаюць займацца зборам подпісаў. «Мяне насцярожыла (хоць я разумею, гэта палітычная барацьба) валтузня нейкая, што нібыта мы кагосьці прымушаем збіраць подпісы, што кагосьці, можа быць, пакрыўдзілі падчас збору подпісаў, што нам, вядома, ні ў якім выпадку нельга рабіць. Я аб гэтым папярэджваў усіх. І гэта нам проста не трэба. Я бачу, што мы ўжо сабралі больш за паўмільёны подпісаў, на сённяшні дзень больш за 600 тыс. Таму які тут можа быць ціск», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Таму я хацеў бы, каб вы сказалі, ці ёсць у нас у штабе такая інфармацыя, што дзесьці людзей прымушаюць рабіць. Калі нехта прымушае, гэта значыць, робяць на шкоду дзейнаму прэзідэнту. Таму што прымус абавязкова будзе мець зваротны эфект», — адзначыў прэзідэнт.

Как вам новость?
Головоломки