Лукашэнка: з дапамогай "акцый маўчання" апазіцыя рвецца ва ўладу

24.06.2011 09:41
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перакананы, што несанкцыянаваныя грамадзянскія акцыі, у прыватнасці, якія прайшлі нядаўна акцыі маўклівай салідарнасці, некаторыя апазіцыйныя палітыкі маюць намер выкарыстоўваць, каб прарвацца ва ўладу. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 23 чэрвеня ў ходзе працоўнай паездкі ў Берасцейскую вобласць.

З нагоды маштабнай акцыі маўклівага пратэсту, якая прайшла 22 чэрвеня ў Мінску, а таксама ў шматлікіх раённых і абласных цэнтрах Беларусі прэзідэнт выказаўся досыць адмоўна, перадае БелТА.

«Можа хтосьці і незадаволены. У гэтым і сутнасць дэмакратычнага грамадства. Але гэта незадаволенасць павінна вылівацца ў законным парадку. Ёсць месцы — ідзіце тупайце, улюлюкайце, крычыце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Трэба мець на ўвазе, што за спінай у гэтых дзеячаў. Яны ўжо свецяцца, ім мала было судоў і адной нагой у турме, яны яшчэ туды ходзяць і падбухторваюць гэтую моладзь, гэтых пацаноў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе экс-кандыдата у прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Апазіцыйны палітык браў удзел у дзвюх апошніх акцыях маўклівай салідарнасці ў Мінску.

«Яны чакаюць, каб назапасіць крытычную масу, а потым гэтае гарматнае мяса наперадзе сябе пусціць і на іх спінах ускочыць ва ўладу. Мы гэта выдатна бачым і разумеем. Таму гэтага каня мы ім асядлаць не дамо», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Між тым, як перадаваў Тэлеграф, ініцыятары акцый маўклівай салідарнасці, арганізаванай актывістамі інтэрнэт-супольнасці «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» першапачаткова падкрэслівалі сваю палітычную неангажаванасць. Удзельнікі акцый пратэстуюць супраць эканамічнай палітыкі ўладаў без выкрыквання лозунгаў і якіх-небудзь заклікаў, як гэта звычайна бывае на пратэстных дэманстрацыях. На акцыях, якія прайшлі ў Мінску і рэгіёнах, ніякай палітычнай сімволікі ў яе ўдзельнікаў заўважана не было.

Как вам новость?
Головоломки