Лукашэнка: за расійскія базы ў Беларусі трэба плаціць

26.04.2010 11:44
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нагадаў Маскве пра размешчаныя на тэрыторыі Беларусі расійскія ваенныя базы, за якія таксама трэба плаціць. "Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Расіі, мабыць, забыўся, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца дзве дзейсныя базы: у раёне Баранавічаў і раёне Вілейкі. І магу нагадаць, што на адрозненне ад Севастопаля Расія плоціць нам нуль рублёў і нуль капеек за арэнду гэтых базаў".

Беларускі лідар, каментуючы нядаўняе падпісанне Расіяй і Украінай пагаднення аб падаўжэнні на 25 гадоў тэрміну арэнды Расіяй ваенна-марской базы ў Севастопалі, заявіў, што не будзе ўдавацца ў гэтыя падрабязнасці, перадае БелТА.

«Я не буду ўдавацца ў падрабязнасці — у Расіі гэта ўжо актыўна каментуюць: навошта Расіі Чарнаморскі флот і г.д. Гэта іхняя справа, з кім там ваяваць. Гэта справа Расіі: утрымоўваць яго ці не ўтрымоўваць, які кошт гэтага флоту. Але сваіх калегаў ва Украіне я хачу павіншаваць з гэтай выдатнай перамогай: яны атрымалі некалькі мільярдаў даляраў за падпісанне гэтай дамовы. Але я цяпер не пра гэта», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў раёне Баранавічаў дзейнічае расійская ваенная база, функцыя якой — ранняе папярэджанне ракетнага нападу. «Гэта вельмі важная новая база, якую мы ў свой час дабудоўвалі з Барысам Ельцыным (першы прэзідэнт Расіі — Тэлеграф). Другая база забяспечвае сувязь з падводным флотам Расійскай Федэрацыі ў Атлантыцы», — сказаў прэзідэнт.

«Калі прэзідэнт Расіі Дзмітры Мядзведзеў пра гэта забыўся — і пра Баранавічы і пра Вілейку — пара ўспомніць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Вось вам справы і намеры».

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што беларускае войска абараняе Расію на заходніх межах, складае аснову ваеннай групіроўкі Саюзнай дзяржавы. «На Захадзе ў Расійскай Федэрацыі, акрамя беларускіх узброеных сіл, нікога больш няма», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звярнуўшы ўвагу на тое, што паміж дзвюма краінамі дзейнічае дамова аб адзінай сістэме ППА, на падпісанні якой так настойваў расійскі бок.

«Што да дакляравання таго, што трэба ісці насустрач адзін аднаму, то Дзмітры Мядзведзеў напэўна меў на ўвазе Беларусь. Таму што толькі Беларусь заўсёды ішла насустрач расійскім чаканням, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Што да працаўладкавання, то, мне здаецца, ён меў на ўвазе свайго папярэдніка на пасту прэзідэнта РФ — Уладзіміра Пуціна, які ў свой час уладкаваў у сябе Аскара Акаева (былы прэзідэнт Кыргызстана — Тэлеграф) і многіх іншых», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: Бакіеў не быў маім сябрам, як тыя прэзідэнты, якія яго «кінулі»

Прэзідэнт Беларусі нагадаў таксама, што ў 2005 году, калі Уладзімір Пуцін сказаў, што падзеі ў Кыргызстане — вынік слабасці ўлады і назапашаных сацыяльна-эканамічных праблемаў. «Гэта не стала для нас чымсьці нечаканым. Разам з тым варта жалю тая акалічнасць, што ў чарговы раз у адной з краінаў на постсавецкай прасторы палітычныя пытанні вырашаюцца не прававым спосабам, а суправаджаюцца пагромам і чалавечымі ахвярамі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«І яшчэ, кажучы пра тую апазіцыю, якая прыйшла да ўлады ў Кыргызстане ў 2005 годзе, Уладзімір Пуцін тады выказаў надзею, што яна зможа ўзяць сітуацыю пад кантроль, сказаў, што гэтыя людзі расійскаму кіраўніцтву добра вядомыя. Па словах тагачаснага прэзідэнта РФ, яны ўсяляк спрыялі развіццю адносінаў паміж Расіяй і Кыргызстанам», — нагадаў словы Уладзіміра Пуціна беларускі прэзідэнт.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ужо на «той момант Курманбек Бакіеў са сваімі калегамі шмат зрабіў для Расіі і нармальных стасункаў з ёй». «Вось параўнайце выказванне гэтага чалавека (Уладзіміра Пуціна) тады і выказванні Дзмітрыя Мядзведзяева цяпер. Хіба гэта не падвойныя стандарты? Хіба гэта не супярэчнасць? Гэта, па-першае» — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Па-другое, я папрасіў у сваіх памочнікаў даведку аб працаўладкаванні высокапастаўленых «бежанцаў», якія аселі ў Расіі. Аскар Акаеў — былы прэзідэнт Кыргызстана, Аслан Абашыдзэ — былы лідар Аджарыі, а таксама былы кіраўнік «Нафтагаза» Украіны, былы міністр унутраных спраў Украіны, былы мэр Адэсы і многія іншыя», — адзначыў беларускі лідар.

«Што вы на гэта скажаце? Якія могуць быць папрокі ў дачыненні да мяне? Я прыняў чалавека, з якім быў у добрых адносінах. Ён не быў маім сябрам, як тыя прэзідэнты, якія яго «кінулі». Бакіеў не зрабіў для Беларусі столькі, колькі ён зрабіў для Расіі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки