Лукашэнка забараніў ліквідаваць міністэрства ЖКГ

25.02.2011 17:02
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі не дазволіў зрабіць жыллёва-камунальную сістэму адным з дэпартаментаў міністэрства будаўніцтва і архітэктуры. "Я яшчэ не гатовы жыллёва-камунальную сістэму перадаць у Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Дзе больш за ўсё скаргаў? У будаўніцтве і камунальнай гаспадарцы. Дык што мы робім?" — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Памятайце, што ўсе размовы аб ліквідацыі міністэрстваў адбываюцца толькі праз адсутнасць здавальняючых вынікаў іх дзейнасці», — заявіў ён 25 лютага падчас нарады ўрада.

Лукашэнка: можам наламаць дроў

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў чыноўнікам «яшчэ раз прынцыпова падумаць над гэтым пытаннем», кажучы аб магчымым зліцці якіх-небудзь органаў наогул — напрыклад, міністэрства па падатках і зборах і міністэрства фінансаў.

«Давайце не будзем спяшацца. У нас не такія буйныя міністэрства, не столькі шмат там людзей, а наламаць дроў можам», — цытуе беларускага лідара БелТА.

Лукашэнка: трэба загрузіць губернатараў і выканкамы

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што «цэнтр цяжару працы ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы павінен быць перанесены на губернатараў, старшыняў раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў». «Іх трэба загрузіць. Уся праца павінна быць там», — заявіў ён.

Так, новапрызначанаму віцэ-прэм’еру Анатолю Калініну «дастаўся адзін з самых складаных участкаў працы», адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, намеснік прэм’ер-міністра павінен курыраваць развіццё будаўнічага комплексу, сувязі і інфарматызацыі, транспарту і камунікацый, жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, а таксама ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Акрамя таго, прэзідэнт заявіў, што павінна быць наладжана праца жыллёва-камунальнага комплексу, гэтым ён даручыў заняцца старшыням аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, а таксама кіраўніку мінбудархітэктуры.

Прэзідэнт нагадаў, што ў абавязкі ЖКГ уваходзіць забеспячэнне камфортных умоваў пражывання для жыхароў краіны. На думку Аляксандра Лукашэнкі, асноўнымі задачамі тут з’яўляюцца знізіць выдаткі, своечасова і якасна аказваць паслугі, а таксама забяспечыць надзейную працу сістэм жыццезабеспячальнай галіны. «Задачы відавочныя, і для іх рашэння не трэба значных намаганняў. Дастаткова навесці элементарны парадак», — мяркуе кіраўнік краіны.

Как вам новость?
Головоломки