Лукашэнка забараніў знешнія запазычанні пад вялікія працэнты

18.01.2011 13:48
Архив Редакция

Ніякіх знешніх запазычанняў пад вялікія працэнты быць не павінна. Пра гэта заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка пад час нарады па пытаннях развіцця беларускай эканомікі. "Жыць трэба па сродках. Ніякіх друкаванняў грошай, ніякіх пазык, хопіць", — сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь выходзіць з крызісу і таму «трэба растацца са знешнімі запазычаннямі пад вялікія працэнты». «Гэта правільны падыход, ён не падлягае ніякаму аспрэчванню», — дадаў прэзідэнт, перадае БелТА.

Лукашэнка гатовы прадаць да 25% акцый «Беларуськалія»

Акрамя таго, беларускі лідар закрануў тэму прыватызацыі. Паводле яго слоў, Беларусь гатова прадаць да 25% акцый ААТ «Беларуськалі». «Мы прапанавалі, і гэта ўжо не сакрэт, «Беларуськалі». Мы казалі, што больш за 25% мы не прадамо. Мы назвалі кошт, які сёння расце. Жадаючых за такую цану купіць няшмат, але яны ёсць. Хочуць — няхай купляюць, не — меншай цаны не будзе», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы назвалі кошт усіх прадпрыемстваў, — адзначыў прэзідэнт. — Няхай нясуць грошы і купляюць. Ніхто бясплатна не аддасць. Калі хтосьці спадзяецца, што тут будзе абвальная шокавая і за бесцань прыватызацыя, то гэтага не будзе ў краіне».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння існуе «шалёны попыт» на асобныя беларускія прадпрыемствы. «За гэта мы можам атрымаць 25-30 млрд. даляраў. А калі праямо гэтыя 30 млрд. даляраў, тады што прадаваць будзем? І што мы ад гэтага атрымаем?» — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што калі нехта плоціць такія грошы за гэтую ўласнасць, значыць, ён разлічвае атрымаць больш. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заклікаў: «Не спяшайцеся прадаваць. Падымаецца эканоміка, ва ўсім свеце ідзе рост, вырасце кошт актываў, вырасце кошт прадпрыемстваў, тады мы паглядзім, што прадаваць і за колькі».

Пры гэтым беларускі лідар адзначыў, што ён не прыхільнік таго, каб сёння прадаць, а заўтра думаць, як жыць. «За кошт назапашанага пакаленнямі доўга не пражывеш. Таму не спяшайцеся», — яшчэ раз сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.

Как вам новость?
Головоломки