Лукашэнка зацвердзіў спіс ведамасных кантралёраў

24.06.2010 10:10
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "Аб ведамасным кантролі ў Рэспубліцы Беларусь", які накіраваны на "далейшае ўдасканаленне заканадаўства ў галіне павышэння эфектыўнасці і значнасці кантрольнай дзейнасці ў краіне". Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

У прыватнасці, дакумент не змяняе раней замацаваныя ў рашэннях кіраўніка дзяржавы падыходы да прызначэння і правядзення праверак у рамках ведамаснага кантролю. Па-ранейшаму правядзенне планавых праверак можа ажыццяўляцца не часцей як адзін раз на два гады, правядзенне пазапланавых праверак — толькі па даручэннях органаў крымінальнага пераследу і судоў.

Таксама ва ўказе зацверджаны вычарпальны пералік ведамасных кантралюючых органаў. Пры гэтым у іх абавязкі ўваходзіць не толькі правядзенне праверак, але і папярэджанне парушэння заканадаўства і фінансавай дысцыпліны на прадпрыемствах: назіранне, аналіз, ацэнка, усталяванне прычынна-выніковых сувязяў і прагназаванне фактараў, якія ўплываюць на вынікі дзейнасці падведамасных арганізацый.

У дакуменце сказана, што арганізацыі, якіх праверылі ведамасныя кантралюючыя органы, вызваляюцца ад правядзення абавязковага аўдыту дакладнасці гадавой бухгалтарскай справаздачнасці за два справаздачныя перыяды, пачынаючы з года, у якім была праведзеная праверка фінансава-гаспадарчай дзейнасці ў рамках ведамаснага кантролю. Але пры ўмове, што па яе выніках не выяўлена парушэнняў заканадаўства або такія парушэнні не цягнуць адміністрацыйнай адказнасці.

Как вам новость?
Головоломки