Лукашэнка заклікаў "не напружвацца" наконт яго сустрэчы з Януковічам

29.04.2010 14:21
Архив Редакция

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам, які прыбыў з афіцыйным візітам у Беларусь, заклікаў не шукаць падтэксту ў сустрэчы двух прэзідэнтаў. "Сёй-той напружваецца з нагоды нашых стасункаў. Мы не збіраемся супраць кагосьці сябраваць і не збіраемся займацца геапалітычнымі праблемамі. Гэта не ў нашых інтарэсах і не ў інтарэсах Украіны таксама, я думаю", — сказаў прэзідэнт.

Беларускі лідар адзначыў, што перад дзвюма краінамі стаіць задача выбудаваць свае эканомікі так, каб яны не адрозніваліся ад еўрапейскіх дзяржаў, каб людзі жылі годна. «Я пераканаўся, што такая ж задача стаіць і перад вамі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўкраінскага прэзідэнта.

«ЧКіраўнікі дзяржаваў яшчэ ў Кіеве дамовіліся аб тым, што ў хуткім часе правядуць сустрэчу, каб абмеркаваць напрацаванае экспертамі і ў выніку такой рэвізіі адкінуць тыя пытанні, якія страцілі сваю актуальнасць, і абмеркаваць тыя, якія патрабуюць рашэння ў найбліжэйшы час у інтарэсах дзвюх дзяржаў і народаў», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка, перадае БелТА.

Па словах кіраўніка дзяржавы, належыць распрацаваць нейкую «дарожную карту» ў адносінах Беларусі і Украіны. «З нагоды цяперашняй сустрэчы пайшлі размовы, што нібыта хутка арганізаваўся візіт, няма праграмы, павесткі дня таксама няма», — сказаў беларускі лідар. «Нашы спецыялісты рупліва працавалі па ўсіх лініях: і кіраўнікі адміністрацый прэзідэнтаў, і ва ўрадзе», — дадаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў прэзідэнтаў будзе час сустрэцца яшчэ не адзін раз. «Думаю, хуткім часам будзе прапрацавана магчымасць арганізацыі такой сустрэчы, якая пакажа нашы праўдзівыя намеры ў дачыненні адно да аднаго», — сказаў беларускі лідар.
 
Януковіч: палітыка Беларусі і Украіны будзе добрасуседскай і празрыстай

У сваю чаргу, Віктар Януковіч выказаў упэўненасць у тым, што міжрэгіянальнае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі павінна паслужыць добрым штуршком для развіцця гандлю. «Пакуль гэты рычаг не выкарыстоўваецца ў належнай меры», — дадаў прэзідэнт Украіны.

Віктар Януковіч з задавальненнем адзначыў ратыфікацыю беларускім парламентам дамовы па дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай мяжы. На думку ўкраінскага прэзідэнта, гэта адкрывае новыя магчымасці для развіцця гандлёва-эканамічных адносін і новых інвестыцый.

«Я перакананы, што наша палітыка будзе добрасуседскай і празрыстай», — сказаў украінскі лідар, дадаўшы, што ў абедзвюх краін шмат агульных інтарэсаў на міжнароднай арэне, у тым ліку датычна абароны бяспекі.

Украіна заклікала Беларусь да сумесных высілкаў па рашэнні чарнобыльскай праблемы

Віктар Януковіч паведаміў, што ініцыяваў правядзенне ў 2011 годзе ў Кіеве міжнароднай канферэнцыі па чарнобыльскай тэматыцы з удзелам краін-донараў. «Мы з вамі дамовіліся, што мы як краіны, найбольш пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС, павінны сумесна адстойваць сваю пазіцыю па гэтым пытанні. Бо Чарнобыль — гэта праблема не толькі для Беларусі і Украіны, але і для ўсёй Еўропы», — сказаў прэзідэнт Украіны, звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнка.

Украінскі прэзідэнт нагадаў, што ў наступным годзе будзе адзначацца 25-годдзе «гэтай агульнай для народаў Украіны і Беларусі трагедыі». «Некалькі дзён назад я пабываў у Чарнобылі, — сказаў украінскі лідар. — Там не ўсё так добра, як здавалася».

«Вось мы кажам пра новыя пагрозы — гэтаму быў прысвечаны і саміт у Вашынгтоне, у якім я ўдзельнічаў — але пры гэтым яшчэ не вырашаны старыя пытанні. Чацвёрты энергаблок ЧАЭС дагэтуль без саркафага. Бракуе 400 млн. еўра фінансавання», — канстатаваў Віктар Януковіч падчас сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі.

Как вам новость?