Лукашэнка заклікаў паскорыць вывад войскаў з Іраку

14.06.2010 14:57
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што замежныя войскі павінны пакінуць Ірак як мага хутчэй. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў, прымаючы даверчыя граматы амбасадара Іраку ў Беларусі Хайдара Мансура Хады Авіса. Беларускі лідар нагадаў, што Мінск заўсёды прытрымліваўся гэтай пазіцыі.

Цяпер жа, адзначыў прэзідэнт Беларусі, прыйшоў час «аднавіць і істотна актывізаваць нашы гандлёва-эканамічныя стасункі» з Іракам, перадае БелТА. На думку Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь можа аказаць дапамогу ў будаўніцтве інфраструктуры, жылых дамоў і прамысловых аб’ектаў у Іраку і пастаўляць у гэтую краіну тэхніку і іншыя тавары.

Прымаючы даверчыя граматы паслоў Украіны, Арменіі і Грузіі, кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў, што Беларусь настроена на ўмацаванне супрацоўніцтва з даўнімі партнёрамі на постсавецкай прасторы.

«Беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва ўключае шырокі і разнастайны пералік пытанняў і задачаў. На ўзроўні кіраўнікоў дзвюх дзяржаваў дасягнуты цэлы шэраг ключавых дамоўленасцяў, хутчэйшая рэалізацыя якіх надасць дадатковы імпульс сацыяльна-эканамічнаму развіццю нашых краінаў», — падкрэсліў беларускі лідар і перадаў найлепшыя пажаданні свайму ўкраінскаму калегу Віктару Януковічу, запэўніўшы яго ў тым, што рэалізацыя раней дасягнутых дамоўленасцяў працягнецца.

Прэзідэнт Беларусі таксама адзначыў, што двухбаковыя адносіны з Арменіяй і Грузіяй сёння маюць магутныя стымулы для пашырэння «не толькі ў эканамічнай сферы, але і ў галіне адукацыі, культуры, спорту, турызму і іншых галінах».

Как вам новость?
Головоломки