Лукашэнка: заўсёды буду абараняць незалежнасць беларускага народу

05.04.2010 09:59
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чацвёртага красавіка, наведваючы мінскі Свята-Духаў кафедральны сабор, заявіў, што заўсёды будзе абараняць інтарэсы беларускага народа, Цэрквы, а таксама незалежнасць краіны. "Для таго, каб прадстаўнікі розных канфесій маглі спакойна вызначаць свой лёс, нам патрэбна свая зямля, свая дзяржава", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Нам трэба абараняць гэту зямлю і, барані Божа, абараняць яе са зброяй у руках», — заявіў у кафедральным саборы Аляксандр Лукашэнка.

Па меркаванні прэзідэнта Беларусі, незалежнасць — гэта самае дарагое і святое, што можа быць у чалавека. «Давайце берагчы нашу зямлю, захоўваць і памнажаць яе багацці», — заклікаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўсіх прысутных у царкве, адзначыў, што сёння ўсе вернікі выглядаюць некалькі інакш, чым у папярэднія гады. «У вас у вачах святло надзеі. І нават не проста надзеі, а ўпэўненасці ў тым, што заўтра будзе яшчэ лепш. Я перакананы, што так яно і будзе. Я буду рабіць усё, каб вам было лягчэй і лепш», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Выступаючы перад вернікамі, Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што высока шануе ўнёсак мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі ў дасягненне міжканфесійнага міру ў Беларусі.

Па меркаванні прэзідэнта, за сваю паўтарадзесяцігадовую працу з Філарэтам, у іх ніколі не было супярэчнасцяў, а ўладыка заўсёды быў педантычны, акуратны і асцярожны ў выказваннях і ўчынках, паведамляе БелТА.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў мітрапаліта Філарэта з юбілеем, які ўладыка адзначае ў гэтыя дні, і падзякаваў за ўсё тое добрае, што ён зрабіў для беларускага народа. «Хай Бог даруе яму шматлікія гады для служэння беларускаму народу», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Как вам новость?