Лукашэнка збіраецца прадаць беларускія НПЗ Венесуэле

24.03.2010 09:19
Архив Редакция

У інтэрв'ю аргентынскай газеце Diario La Nacion прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь прапануе венесуэльцам прыйсці ў Беларусь і самім перапрацоўваць нафту на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах, а затым прадаваць у Еўропе. "У перспектыве мы плануем і прыватызацыю нашых прадпрыемстваў, у тым ліку і нафтаперапрацоўчых, з венесуэльскім капіталам", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што літаральна за тры гады таваразварот з Венесуэлай павялічыўся ў некалькі дзясяткаў разоў. «Вядзецца распрацоўка радовішчаў нафты і газу, будуюцца жылыя мястэчкі і гарады, фермерскія калектыўныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, развіваецца гандаль ва ўсіх кірунках», — адзначыў беларускі лідар, дадаўшы, што ў Венесуэлу не толькі пастаўляецца беларуская прадукцыя, але і там жа ствараюцца падобныя беларускім прадпрыемствы, паведамляе тэлеканал АНТ.

«У нас могуць быць добрыя адносіны з любым прэзідэнтам лацінаамерыканскага кантынента. Мы вельмі мірныя, прагназуемыя, годныя людзі, і калі мы вядзём гаворку — няхай гэта будзе з прадстаўнікамі Лацінскай Амерыкі, няхай гэта будзе Азіі, Афрыкі — усё роўна, якой краіны, — мы заўсёды зыходзім з таго, што павінны не толькі ўзяць, дзесьці зарабіць, але мы абавязкова павінны гэтаму народу штосьці даць», — падкрэсліў прэзідэнт Беларусі.

Размаўляючы на тэму ўнутрыпалітычнага жыцця Беларусі, эканомікі, вонкавай палітыкі, а таксама пра турыстычныя магчымасці рэспублікі, Аляксандр Лукашэнка запрасіў карэспандэнта наведаць Беларусь і пераканацца, што гэта «самая прыгожая, бяспечная краіна, дзе жывуць самыя добрыя людзі».

Как вам новость?