Лукашэнка ўзмацняе кантроль за замежнікамі ў Беларусі

09.06.2010 11:53
Архив Редакция

Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Беларусі, будуць абавязаны зарэгістравацца не толькі па месцы жыхарства, але і па месцы знаходжання не пазней аднаго месяца з дня прыбыцця. Згодна з указам № 296 прэзідэнта Беларусі ад восьмага чэрвеня 2010 "Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у палажэнне аб рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання", такія меры ўводзяцца з мэтай павышэння эфектыўнасці кантролю за знаходжаннем названых асоб.

Дадзены дакумент карэктуе палажэнне аб рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання, зацверджанае ўказам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад сёмага верасня 2007 г. № 413. «У працэсе прымянення нормаў названага палажэння выяўлены шэраг нявырашаных пытанняў, якія патрабавалі дадатковага і больш падрабязнага рэгулявання адносін у сферы уліку грамадзян», — растлумачылі ў прэс-службе прэзідэнта.

Раней грамадзяне, якія пастаянна пражываюць за мяжой падчас знаходжання ў Беларусі не мелі магчымасці зарэгістравацца, што не дазваляла ім карыстацца шэрагам правоў (атрыманне медабслугоўвання, абмен пасведчанняў кіроўцы і іншых дакументаў), але паводле падпісанага ўказу гэтыя грамадзяне змогуць атрымаць неабходную рэгістрацыю.

Указ, які ўступае ў сілу праз тры месяцы, прадугледжвае, што органы апякунства будуць рэгістраваць дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, па адрасе размяшчэння адміністрацыйнага будынка адпаведнага мясцовага выканаўчага і распарадчага органа пры складанні ўпаўнаважанымі органамі актаў аб пакінутым дзіцяці, аб выяўленні кінутага дзіцяці. Гэта дазволіць такім дзецям да дасягнення паўналецця ў дастатковым аб’ёме рэалізаваць правы і законныя інтарэсы (атрымаць пашпарт, аформіць дапамогу і інш), распавялі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

«Прыняты дакумент дазволіць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам забяспечваць рэгістрацыю асоб без пэўнага месца жыхарства не толькі па месцы знаходжання пунктаў рэгістрацыі і ўліку гэтых асобаў (такія пункты створаны не ва ўсіх гарадах і гарадскіх пасёлках), але і ў іншых месцах, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, напрыклад у цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва», — праінфармавалі ў прэс-службе.

Дакумент уводзіць яшчэ шэраг удасканаленняў: зменены парадак рэгістрацыі і зняцця з рэгістрацыйнага ўліку тых, хто праходзіць ваенную службу па кантракце, тых, хто праходзіць тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, хто знаходзіцца на ваенных або спецыяльных зборах, афіцэраў, якія праходзяць ваенную службу па прызыве, і членаў іх сем’яў. Таксама прадугледжана адмовіцца ад выдачы дамавых кніг, наяўнасць якіх значна ўскладняе працэдуру рэгістрацыі і зняцця грамадзян з уліку. На працягу аднаго года будуць прынятыя меры па адмене дамавых кніг і арганізацыі ўліку грамадзян, якія пражываюць у аднакватэрных (блакаваных) жылых дамах, абласным і Мінскім гарадскім выканкамам ўжо дадзены адпаведныя даручэнні, паведамілі ў прэс-службе прэзідэнта Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки